Другі закон, разьдзел 14

Вы - сыны Госпада, Бога вашага; не рабеце нарэзаў на целе вашым і не выстрыгайце валасоў над вачыма вашымі па нябожчыку;

бо ты народ сьвяты ў Госпада, Бога твайго, і цябе выбраў Гасподзь, каб ты быў уласным Яго народам з усіх народаў, якія на зямлі.

Ня еж ніякай погані.

Вось быдла, якое вам можна есьці: валы, авечкі, козы,

алень і сарна, і буйвал і казуля, і зубр і жырафа, і антылопа.

Усякая жывёліна, у якое расшчэпленыя капыты і на абодвух капытах глыбокі разрэз, і якая жуе жуйку, тую ежце;

толькі гэтых ня ежце з тых, што жуюць жуйку і маюць расшчэпленыя капыты з глыбокім разрэзам: вярблюда, зайца і тушканчыка, бо хоць яны жуюць жуйку, але капыты ў іх не расшчэпленыя: нячыстыя яны вам;

і сьвіньні, бо капыты ў яе расшчэпленыя, але ня жуе жуйкі; нячыстая яна вам; ня ежце мяса іх і да трупаў іх не дакранайцеся.

З усіх жывёлаў, якія ў вадзе, ежце ўсіх, у якіх ёсьць пер'е і луска;

а ўсіх тых, у якіх няма пер'я і лускі, ня ежце: нячыста гэта вам.

Усякае птаства чыстае ежце;

а гэтых зь іх ня трэба есьці: арла, грыфа і марскога арла,

і кані, і сокала і крагуля з пародаю іхняю,

і ўсякага гругана з пародаю ягонаю,

і страўса і савы, і чайкі і шуляка з пародай ягонаю,

і сойкі, і пушчыка, і лебедзя,

і пелікана, і сіпа, і кармарана,

і чаплі, і бусла з пародаю ягонай, і ўдода, і кажана.

Усе крылатыя паўзуны нячыстыя вам, ня ежце іх.

Усю чыстую птушку ежце.

Ня ежце ніякага падла: іншаземцу, які надарыцца ў селішчах тваіх, аддай яго, ён хай есьць яго, альбо прадай яму, бо ты народ сьвяты ў Госпада, Бога твайго. Не гатуй казьляня ў малацэ маці ягонай.

Аддзяляй дзесяціну з усяго ўроджанага насеньнем тваім, якое штогоду на полі тваім узрасьце,

і еж прад Госпадам, Богам тваім, на тым месцы, якое выбера Ён, каб быць імю Ягонаму там; прынось дзесяціну хлеба твайго і алею твайго, каб ты навучыўся баяцца Госпада, Бога твайго, ва ўсе дні.

Калі ж доўгая будзе табе дарога, так што ня зможаш несьці гэтага, бо далёка ад цябе тое месца, якое выбера Гасподзь, Бог твой, каб пакласьці там імя Сваё, і Гасподзь, Бог твой, дабраславіў цябе,

дык памяняй гэта на срэбра і вазьмі срэбра ў руку тваю і прыходзь на месца, якое выбера Гасподзь, Бог твой;

і купляй на срэбра гэта ўсё, што заўгодзіцца душы тваёй; і еж там прад Госпадам, Богам тваім, і радуйся ты і сямэя твая.

І лявіта, які ў селішчах тваіх, не пакінь, бо няма яму долі і дзялянкі з табою.

А як міне тры гады, аддзяляй усе дзесяціны створанага табою ў той год і кладзі ў селішчах тваіх;

і няхай прыйдзе лявіт, бо яму няма долі і дзялянкі з табою, і прыхадзень і сірата і ўдава, якія ў селішчах тваіх, і няхай ядуць і наядаюцца, каб дабраславіў цябе Гасподзь, Бог твой, ў кожнай дзеі рук тваіх, якія ты будзеш рабіць.