Кніга Эклезіяста, разьдзел 7

Імя добрае лепш за масьць дарагую, а дзень сьмерці - за дзень нараджэньня.

Лепей хадзіць у дом жалобы па мёртвым, чым у харомы банкету; бо такі ёсьць канец усякаму чалавеку, і жывы бярэ гэта да сэрца свайго.

Смутак лепшы за сьмех; бо пры скрусе аблічча сэрца робіцца лепшым.

Сэрцы мудрых - у доме плачу а сэрцы бязглуздых - у доме вясёлым.

Лепей слухаць дакоры ад мудрага, чым слухаць пахвалы ад неразумных;

бо сьмех неразумных ёсьць тое, што й трэск сухога ядлоўцу пад горшчыкам. І гэта - марнасьць!

Уціскаючы іншых, разумны дурнее, і хабар сэрца псуе.

Канец працы лепшы за пачатак яе; цярплівы лепшы за пыхлівага.

Не сьпяшайся да гневу духам тваім, бо гняздуецца гнеў у сэрцы бязглуздых.

Не кажы: «чаму гэта колісь было лепей, чым сёньня?» - не зь вялікага розуму ты папытаўся пра гэта.

Добрая мудрасьць - як і добрая спадчына, асабліва ж бо тым, што сонца бачаць:

бо пад шатамі мудрасьці, як пад шатамі срэбра; а перавага пазнаньня ў тым, што мудрасьць жыцьцё зьберагае таму, хто яе мае.

Прыгледзься да дзеяў Божых: хто можа выправіць тое, што Ён зрабіў крывым.

У добрыя дні карыстайся з дабротаў, а ў ліхія дні разважай: і тое і іншае стварыў Бог, каб ня мог чалавек нічога сказаць пасьля сябе.

Нагледзеўся я ў дні марноты сваёй усялякага ўдосыць: справядлівы гіне ў сваёй справядлівасьці; бязбожны доўга жыве ў бязбожнасьці сваёй.

Ня будзь лішне строгі, і не выстаўляйся залішне мудрым; навошта табе нішчыць сябе?

Не ўпадай у грахі і ня будзь шалёны; навошта табе паміраць заўчасна?

Добра, калі трымацьмешся толькі аднога і не адымеш рукі ад другога; бо хто богабаязны, той пазьбегне ўсяго благога.

Мудрасьць робіць мудрага мацнейшым за дзесяць уладароў, якія ў горадзе.

Няма чалавека справядлівага на зямлі, які рабіў бы дабро і не грашыў;

таму не на ўсякае сказанае слова зважай, каб не пачуць табе, як твой раб цябе ганіць.

Бо многа выпадкаў ведае сэрца тваё, калі сам ты ганіў іншых.

Я ўсё гэта мудрасьцю выпрабаваў; я сказаў: «буду я мудры»; але мудрасьць далёка ад мяне.

Далёка тое, што ёсьць, і глыбока-глыбока: хто дастане яго?

І паклаў я на сэрца помысел мой, каб дазнацца, дасьледаваць, і знайсьці мудрасьць і розум, і каб ведаць бязбожнасьць дурноты, невуцтва і шаленства.

І знайшоў я, што горш за сьмерць жанчына, таму што яна - сетка, і сэрца ў яе - пастка, рукі ў яе - кайданы; любасны Богу ўратуецца ад яе, а грэшніка схопіць яна.

Вось гэта знайшоў я, сказаў Эклезіяст, выпрабоўваючы адно за адным.

Чаго яшчэ шукала душа мая, і я не знайшоў? Мужчыну аднаго з тысячы я знайшоў, а жанчыны сярод іх усіх не знайшоў.

Толькі гэта знайшоў я, што Бог стварыў чалавека праведнага, а людзі кінуліся ў вымудры ўсякія.