Пасланьне да Эфэсянаў, разьдзел 4

Дык вось я, вязень у Госпадзе, малю вас хадзіць годна званьня, у якое вы закліканы,

з усёй пакорлівай мудрасьцю і лагоднасьцю і доўгай цярплівасьцю, у любові трываючы адзін аднаго,

імкнучыся захоўваць адзінства Духа ў саюзе міру.

Адно цела і адзін Дух, як вы і закліканы да адной надзеі вашага пакліканьня;

адзін Гасподзь, адна вера, адно хрышчэньне,

адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ўва ўсіх нас.

А кожнаму з нас дадзена мілата ў меру дару Хрыстовага.

Таму і сказана: «падняўшыся на вышыню, запаланіў паланёных і даў дары людзям».

А «падняўся» што азначае, як ня тое, што Ён і сыходзіў раней у прадонныя мясьціны зямлі?

Хто сыходзіў, Ён жа ёсьць і Той, Хто ўзышоў над усе нябёсы, каб напоўніць усё.

І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых дабравесьнікамі, іншых пастырамі і настаўнікамі,

на дасканаленьне сьвятых, на дзею служэньня, на збудаваньне Цела Хрыстовага,

пакуль усе прыйдзем у адзінства веры і спазнаньня Сына Божага, у мужа дасканалага, у меру поўнага росту Хрыстовае паўнаты;

каб мы ня былі больш недаросткамі, якіх хістаюць і захапляюць усякія вятры навукі, каб падманам людзкім, штукарскай хітрынай увесьці ў змусту.

А каб у шчырай любові ўсе ўзрасталі ў Таго, Які ёсьць Галава, у Хрыста,

зь Якога ўсё цела, што складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемна жыўналучныя сувязі, у меру дзеяньня кожнага асобнага чэлеса, атрымлівае прырост цела на збудаваньне самога сябе ў любові.

Таму я кажу і заклінаю Госпадам, каб вы болей не рабілі, як робяць астатнія народы ў марноце розуму свайго,

бо яны запамрочаныя ў розуме, адчужаныя ад жыцьця Божага з прычыны іхняга невуцтва і зжарсьцьвеласьці сэрца іхняга;

яны, дарэшты зьнячуліўшыся, аддаліся распусьце так, што робяць усякае паскудзтва ненасытна.

Але вы ня так навучыліся ад Хрыста,

бо вы чулі пра Яго і ў Ім навучыліся, - бо ісьціна ў Ісусе, -

пазбыцца разам зь мінулым жыцьцём старога чалавека, які парахнее ў панадных пахацінствах,

а абнавіцца духам розуму вашага

і апрануцца ў новага чалавека, створанага ў падабенстве Божым, у праведнасьці і сьвятасьці ісьціны.

Таму, адкінуўшы ману, гаварэце праўду кожны блізкаму свайму, бо мы чэлесы адзін аднаму.

Гневаючыся, не грашэце: сонца хай ня зойдзе ў гневе вашым;

і не давайце месца д'яблу.

Хто краў, больш ня крадзь, а лепей працуй, робячы сваімі рукамі карыснае, каб было з чаго выдзяляць таму, хто мае патрэбу.

Ніякае брыдкае слова хай ня выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае на будаўніцтва ў веры, каб яно давала мілату слухачам.

І не зьневажайце Духа Божага, Якім мы запячатаны ў дзень адкупленьня.

Усякае раздражненьне і лютасьць, і гнеў, і крык, і ліхаслоўе з усякаю злосьцю хай будуць выдалены з вас;

але будзьце адно да аднаго добрыя, спагадлівыя, даруйце адно аднаму, як і Бог у Хрысьце дараваў вам.