Кніга прарока Езэкііля, разьдзел 11

І падняў мяне Дух і прывёў мяне да ўсходняе брамы Дома Гасподняга, якая павернута на ўсход. І вось, - каля ўваходу ў браму дваццаць пяць чалавек; і сярод іх я бачыў Язанію, сына Азуравага, і Фалтыю, сына Ванэевага, князёў народу.

І Ён сказаў мне: сыне чалавечы! вось людзі, якім наўме беззаконнасьць, і якія даюць благую раду ў горадзе гэтым,

кажучы: «яшчэ ня блізка; будзем будаваць дамы; ён кацёл, а мы мяса».

Таму вымаві на іх прароцтва, прароч, сыне чалавечы.

І сышоў на мяне Дух Гасподні і сказаў мне: скажы, так кажа Гасподзь: што кажаце вы, доме Ізраілеў, і што наўме вам, гэта Я ведаю.

Шмат забітых вашых вы паклалі ў горадзе гэтым, і вуліцы яго напоўнілі трупамі.

Таму так кажа Гасподзь Бог: забітыя вашыя, якіх вы паклалі сярод яго, гэта мяса, а ён - кацёл; але вас Я выведу зь яго.

Вы баіцеся меча, і Я навяду на вас меч, кажа Гасподзь Бог.

І выведу вас зь яго, і аддам вас у руку чужым, і ўчыню над вамі суд.

Ад меча загінеце; на межах Ізраілевых буду судзіць вас, і ўведаеце, што Я - Гасподзь.

Ён ня будзе вам катлом, і вы ня будзеце ў ім мясам; на межах Ізраілевых буду судзіць вас.

І ўведаеце, што Я - Гасподзь; бо паводле запаведзяў Маіх вы не хадзілі, і пастановаў Маіх ня выконвалі, а дзейнічалі паводле пастановаў народаў, якія акружаюць вас.

І было, калі я прарочыў, Фалтыя, сын Ванэеў, памёр. І ўпаў я на аблічча і залямантаваў гучным голасам, і сказаў: о, Госпадзе Божа! няўжо Ты хочаш да канца вынішчыць рэшту Ізраіля?

І было мне слова Гасподняе:

сыне чалавечы! тваім братам, тваім братам, тваім адзінакроўным і ўсяму дому Ізраілеваму, усім ім гавораць жыхары Ерусаліма: «жывеце далёка ад Госпада; нам на ўладаньне аддадзена гэтая зямля».

На гэта скажы: так кажа Гасподзь Бог: хоць Я і выслаў іх да народаў, і хоць расьсеяў іх па землях, але Я буду ім нейкай сьвятыняй у тых землях, куды пайшлі яны.

Пасьля скажы: так кажа Гасподзь Бог: Я зьбяру вас з народаў, і вярну вас зь земляў, у якія вы расьсеяны; і дам вам зямлю Ізраілевую.

І прыйдуць туды, і выкінуць зь яе ўсе гнюсоты яе і ўсе гідоты яе.

І дам ім сэрца адзінае, і дух новы пакладу ў іх, і вазьму з плоці іхняй сэрца каменнае, і дам ім сэрца плацяное,

каб яны хадзілі паводле запаведзяў Маіх і трымаліся пастановаў Маіх, і выконвалі іх; і будуць Маім народам, а Я буду іхнім Богам.

А чыё сэрца памкнецца сьледам за гнюсотамі іхнімі і гідотамі іхнімі, паводзіны тых абярну на іхнія ж галовы, кажа Гасподзь Бог.

Тады херувімы паднялі крылы свае і колы каля іх; і слава Бога Ізраілевага ўгары над імі.

І паднялася слава Госпада зь сярэдзіны горада і спынілася над гарою, якая на ўсход ад горада.

І дух падняў мяне і перанёс мяне ў Халдэю да перасяленцаў, ва ўяве, Духам Божым, і адышла ад мяне ўява, якую я бачыў.

І я пераказаў перасяленцам усе словы Госпада, якія Ён адкрыў мне.