Кніга прарока Езэкііля, разьдзел 14

І прыйшлі да мяне некалькі чалавек з старэйшынаў Ізраілевых і селі перад абліччам Маім.

І было мне слова Гасподняе;

сыне чалавечы! Гэтыя людзі дапусьцілі ідалаў сваіх у сэрца сваё і паставілі спакусу бязбожнасьці сваёй перад абліччам сваім: ці магу Я адказваць ім?

Таму гавары зь імі і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог, калі хто з дому Ізраілевага дапусьціць ідалаў сваіх у сэрца сваё і паставіць спакусу бязбожнасьці сваёй перад абліччам сваім і прыйдзе да прарока, - дык Я, Гасподзь, ці магу, пры мностве ідалаў ягоных, даць яму адказ?

Няхай дом Ізраілеў уразумее ў сэрцы сваім, што ўсе яны праз сваіх ідалаў зрабіліся чужымі Мне.

Таму скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: навярнецеся і адвярнецеся ад ідалаў вашых, і ад усіх мярзотаў вашых адвярнеце аблічча ваша.

Бо калі хто з дому Ізраілевага і з прыхадняў, якія жывуць у Ізраіля, адпадзе ад Мяне і дапусьціць ідалаў сваіх у сэрца сваё, і паставіць спакусу бязбожнасьці сваёй перад абліччам сваім і прыйдзе да прарока папытацца ў Мяне празь яго, - дык Я, Гасподзь, ці дам яму адказ ад Сябе?

Я павярну аблічча Маё супроць таго чалавека і скрышу яго ў азнаку і прыклад і вынішчу яго з народу Майго, і ўведаеце, што Я - Гасподзь.

А калі прарок дапусьціць змусьціць сябе і скажа слова так, як бы Я, Гасподзь, навучыў гэтага прарока, дык Я працягну на яго руку Маю і зьнішчу яго з народу Майго, Ізраіля.

І панясуць віну беззаконьня свайго. Якая віна таго, хто пытаецца, такая будзе віна і прарока,

каб наперад дом Ізраілеў ня ўхіляўся ад Мяне і каб больш не апаганьвалі сябе ўсякімі беззаконьнямі сваімі, а каб былі Маім народам, і Я быў іх Богам, кажа Гасподзь Бог.

І было мне слова Гасподняе:

сыне чалавечы! калі б якая зямля зграшыла перад Мною, вераломна адступіўшыся ад Мяне, і Я працягнуў на яе руку Маю і зьнішчыў у ёй хлебную апору і паслаў на яе голад і пачаў губіць на ёй людзей і быдла,

і калі б знайшліся ў ёй гэтыя тры мужы: Ной, Данііл і Ёў, - дык яны праведнасьцю сваёю выратавалі б толькі свае душы, кажа Гасподзь Бог.

Альбо, калі б Я паслаў на гэтую зямлю лютых зьвяроў, якія асірацілі б яе, і яна ад тых зьвяроў зрабілася б пустою і непраходнаю,

дык гэтыя тры мужы сярод яе, - жыву Я, кажа Гасподзь Бог, - ня выратавалі б ні сыноў, ні дочак, а яны, толькі яны ўратаваліся б, зямля ж зрабілася б пустыняю.

Альбо, калі б я навёў на тую зямлю меч і сказаў: «меч, прайдзі па зямлі!» і пачаў зьнішчаць на ёй людзей і быдла,

дык гэтыя тры мужы сярод яе, - жыву Я, кажа Гасподзь, - ня выратавалі б ні сыноў, ні дочак, а яны толькі ўратаваліся б.

Альбо, калі б Я паслаў на тую зямлю згубную пошасьць і выліў на яе лютасьць Маю ў праліваньні крыві, каб зьнішчыць на ёй людзей і быдла,

дык Ной, Данііл і Ёў сярод яе, - жыву Я, кажа Гасподзь Бог, - не ўратавалі б ні сыноў, ні дочак; праведнасьцю сваёй яны ўратавалі б толькі свае душы.

Бо так кажа Гасподзь Бог: калі і чатыры кары Мае - меч і голад, і лютых зьвяроў і згубную пошасьць - пашлю на Ерусалім, каб зьнішчыць у ім людзей і быдла,

і тады застанецца ў ім рэшта, сыны і дочкі, якія будуць выведзены адтуль; вось, яны выйдуць да вас, і вы ўбачыце паводзіны іх і дзеі іхнія і суцешыцеся ў тым бедстве, якое Я навёў на Ерусалім, ва ўсім, што Я навёў на яго.

Яны суцешаць вас, калі вы ўбачыце паводзіны іх і дзеі іхнія; і ўведаеце, што Я ня марна зрабіў усё тое, што зрабіў у ім, кажа Гасподзь Бог.