Быццё, разьдзел 15

Пасьля гэтых падзей было слова Госпада Абраму ў відзежы, і сказана: ня бойся, Абраме; Я твой шчыт; узнагарода твая даволі вялікая.

Абрам сказаў: Валадару Госпадзе! што Ты дасі мне? я застаюся бязьдзетны: распарадчык у доме гэтым Эліязэр з Дамаска.

І сказаў Абрам: вось, Ты ня даў мне нашчадкаў, і вось гадунец мой спадчыньнік мой.

І было слова Госпада яму, і сказана: ня будзе ён тваім спадчыньнікам; а той, хто пойдзе са сьцёгнаў тваіх, будзе тваім спадчыньнікам.

І вывеў яго вонкі і сказаў: паглядзі на неба і палічы зоркі, калі ты можаш палічыць іх. І сказаў яму: столькі будзе ў цябе наступнікаў.

Абрам паверыў Госпаду, і Ён залічыў яму гэта ў праведнасьць.

І сказаў яму: Я Гасподзь, Які вывеў цябе з Ура Халдэйскага, каб даць табе зямлю гэтую на валоданьне.

Ён сказаў: Валадару Госпадзе! па чым пазнаць мне, што я буду валодаць ёю?

Гасподзь сказаў яму: вазьмі Мне трохгадовую цялушку, трохгадовую казу, трохгадовага барана, галубку і маладога голуба.

Ён узяў іх, расьсек іх напалам і паклаў адну частку насупраць другое; толькі птушак не расьсек.

І наляцелі на трупы драпежныя птушкі; але Абрам адганяў іх.

Як заходзіла сонца, моцны сон апанаваў Абрама; і вось, апанаваў яго жах і змрок вялікі.

І сказаў Гасподзь Абраму: ведай, што нашчадкі твае будуць прыхаднямі ў не сваёй зямлі, і паняволяць іх і будуць прыгнятаць іх чатырыста гадоў;

але Я ўчыню суд над народам, у якога яны будуць у няволі: пасьля гэтага яны выйдуць зь вялікай маёмасьцю;

а ты адыдзеш да бацькоў тваіх у міры і будзеш пахаваны ў старасьці добрай;

у чацьвёртым родзе вернуцца яны сюды: бо мера беззаконьняў Амарэяў дагэтуль яшчэ не напоўнілася.

Калі зайшло сонца і настала цемра, вось, дым як бы зь печы, і полымя агню прайшлі паміж расьсечанымі жывёламі.

У гэты дзень заключыў Гасподзь запавет з Абрамам, сказаўшы: нашчадкам тваім даю Я зямлю гэтую, ад ракі Егіпецкай да вялікай ракі, ракі Еўфрат:

Кенэяў, Кенэзэяў, Кедманэяў,

Хэтэяў, Фэрэзэяў, Рэфаімаў,

Амарэяў, Хананэяў, Гергесэяў і Евусэяў.