Быццё, разьдзел 32

І Якаў пайшоў дарогай сваёю. І сустрэлі яго анёлы Божыя.

Якаў, убачыўшы іх, сказаў: гэта рушэньне Божае. І даў імя месцу таму: Маханаім.

І паслаў Якаў перад сабою пасланцоў да брата свайго Ісава ў зямлю Сэір, у вобласьць Эдом,

і загадаў ім, сказаўшы: так скажэце гаспадару майму Ісаву: вось, што кажа раб твой Якаў: я жыў у Лавана і пражыў дагэтуль;

і ёсьць у мяне валы і аслы і дробнае быдла, і рабы і рабыні; і я паслаў абвясьціць пра сябе гаспадару майму, каб знайсьці ўпадабаньне перад вачыма тваімі.

І вярнуліся пасланцы да Якава і сказалі: мы хадзілі да брата твайго Ісава; ён ідзе напярэймы табе, і зь ім чатырыста чалавек.

Якаў вельмі спалохаўся і сумеўся; і падзяліў людзей, якія былі зь ім, і быдла дробнае і буйное і вярблюдаў, на два табары.

І сказаў: калі Ісаў нападзе на адзін табар і паб'е яго, дык другі табар можа ўратавацца.

І сказаў Якаў: Божа бацькі майго Абрагама і Божа бацькі майго Ісаака, Госпадзе, Які сказаў мне: вярніся ў зямлю тваю, на радзіму тваю, і Я буду дабрачыніць табе!

Няварты я ўсіх ласкаў і ўсіх дабрачынстваў, якія ты ўчыніў рабу Твайму; бо я з кіем маім перайшоў гэты Ярдан, а цяпер у мяне два табары.

Збаві мяне ад рукі брата майго, ад рукі Ісава; бо я баюся яго, каб ён прыйшоўшы не забіў мяне і маці зь дзецьмі.

Ты сказаў: Я буду чыніць добрае табе і зраблю нашчадкаў тваіх як пясок марскі, якога не палічыць ад мноства.

І начаваў там Якаў тае ночы. І ўзяў з таго, што ў яго было, у дарунак Ісаву, брату свайму:

дзьвесьце коз, дваццаць казлоў, дзьвесьце авечак, дваццаць бараноў,

трыццаць вярблюдзіц дойных з жарабятамі іхнімі, сорак кароў, дзесяць валоў, дваццаць асьліц, дзесяць аслоў.

І даў у рукі рабам сваім кожны статак асобна і сказаў рабам сваім: ідзеце перад мною і пакідайце адлегласьць ад статку да статку.

І загадаў першаму, сказаўшы: калі брат мой Ісаў сустрэнецца табе і спытае ў цябе, кажучы: чый ты? і куды ідзеш? і чый гэта статак перад табою?

дык скажы: раба твайго Якава: гэта дарунак, пасланы гаспадару майму Ісаву; вось, і сам ён за намі.

Тое самае загадаў ён і другому, і трэцяму, і ўсім, што ішлі за статкамі, кажучы: так скажэце Ісаву, калі сустрэнеце яго;

і скажэце: вось, і раб твой Якаў за намі. Бо ён сказаў сам сабе: умілажалю яго дарункамі, якія ідуць перад мною, і пасьля ўбачу твар ягоны; магчыма, і прыме мяне.

І пайшлі дарункі перад ім, а ён у тую ноч начаваў у табары.

І ўстаў у тую ноч і, узяўшы дзьвюх жонак сваіх і дзьвюх рабыняў сваіх і адзінаццаць сыноў сваіх, перайшоў праз Явок бродам;

і ўзяўшы іх, перавёў праз паток, і перавёў усё, што ў яго было.

І застаўся Якаў адзін. І змагаўся Нехта зь ім, пакуль настала зара;

і ўбачыўшы, што не адольвае яго, крануўся суглоба сьцягна ягонага і пашкодзіў суглоб сьцягна ў Якава, калі ён змагаўся зь Ім.

І сказаў: пусьці Мяне, бо ўзышла зара. Якаў сказаў: ня пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне.

І сказаў: як імя тваё? Ён сказаў: Якаў.

І сказаў: ад сёньня імя тваё будзе ня Якаў, а Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам, і людзей адольваць будзеш.

Спытаўся і Якаў, кажучы: скажы імя Тваё. І ён сказаў: навошта ты пытаешся пра імя Маё? І дабраславіў яго там.

І даў Якаў імя месцу таму: Пэнуэль; бо казаў ён, я бачыў Бога твар у твар, і захавалася душа мая.

І ўзышло сонца, калі ён праходзіў Пэнуэль; і кульгаў ён на сьцягно сваё.

Таму і да сёньня сыны Ізраіля не ядуць жылаў, якія на суглобе сьцягна, бо Змагар дакрануўся да жылы на суглобе сьцягна ў Якава.