Быццё, разьдзел 42

І даведаўся Якаў, што ў Егіпце ёсьць хлеб, і сказаў Якаў сынам сваім: што вы гледзіце?

і сказаў: вось, я чуў, што ёсьць хлеб у Егіпце; ідзеце туды і купеце нам хлеба адтуль, каб нам жыць і не памерці.

Дзесяць братоў Язэпавых пайшлі купіць хлеба ў Егіпце,

а Веньяміна, брата Язэпавага, не паслаў Якаў з братамі ягонымі, бо сказаў: ня сталася б зь ім бяды.

І прыйшлі сыны Ізраілевыя купляць хлеб разам зь іншымі прыбыльцамі, бо ў зямлі Ханаанскай быў голад.

А Язэп быў правадырам у зямлі той: ён і прадаваў хлеб усяму народу зямлі. Браты Язэпа прыйшлі і пакланіліся яму тварам да зямлі.

І ўбачыў Язэп братоў сваіх і пазнаў іх; але ўдаў, быццам ня ведае іх, і гаворыць зь імі сурова і сказаў ім: адкуль вы прыйшлі? Яны сказалі: зь зямлі Ханаанскай, купіць ежы.

Язэп пазнаў братоў сваіх; але яны не пазналі яго.

І ўспомніў Язэп сны, якія сьніліся яму пра іх; і сказаў ім: вы - выведнікі, вы прыйшлі паглядзець галізну зямлі гэтай.

Яны сказалі яму: не, спадару наш; рабы твае прыйшлі купіць ежы;

мы ўсе дзеці аднаго чалавека; мы людзі сумленныя; рабы твае ня бывалі выведнікамі.

Ён сказаў ім: не, вы прыйшлі падгледзець галізну зямлі гэтай.

Яны сказалі: нас, рабоў тваіх, дванаццаць братоў; мы сыны аднаго чалавека ў зямлі Ханаанскай, і вось, меншы цяпер з бацькам нашым, а аднаго ня стала.

І сказаў ім Язэп: гэта самае я і казаў вам, сказаўшы: вы выведнікі;

вось, як вы будзеце выпрабаваны: прысягаю жыцьцём фараонавым, вы ня выйдзеце адгэтуль, калі ня прыйдзе сюды меншы брат ваш;

пашлеце аднаго з вас, і хай ён прывядзе брата вашага; а вы будзеце затрыманы; і адкрыецца, ці вашая праўда, а калі не, дык прысягаю жыцьцём фараонавым, што вы выведнікі.

І аддаў іх пад варту на тры дні.

І сказаў ім Язэп на трэці дзень: вось, што зрабеце, і застанецеся жывыя, бо я баюся Бога:

калі вы людзі сумленныя, дык адзін брат з вас хай будзе трыманы ў доме, дзе вы ўвязьнены; а вы ідзеце, завязеце хлеб, з прычыны голаду ў сем'ях вашых;

а брата вашага меншага прывядзеце да мяне, каб спраўдзіліся словы вашыя і каб не памерці вам. Так яны і зрабілі.

І казалі яны адзін аднаму: і праўда ж, гэта кара нам за грэх супроць брата нашага; мы бачылі пакуту душы ягонай, калі ён маліў нас, але не паслухалі яго; за тое і прыйшла на нас бяда гэтая.

Рувім адказваў ім і сказаў: ці ж не казаў я вам: не грашэце супроць хлопца? але вы не паслухаліся; вось, кроў яго спаганяецца.

А таго ня ведалі яны, што Язэп разумее; бо сярод іх быў перагаворшчык.

І адышоў ад іх і заплакаў. І вярнуўся да іх, і гаварыў зь імі, і, узяўшы зь іх Сымона, зьвязаў яго на вачах у іх.

І загадаў Язэп напоўніць мяхі іхнія хлебам, а срэбра іхняе вярнуць кожнаму ў мяшок ягоны, і даў ім запасу на дарогу. Так і зроблена зь імі.

Яны паклалі хлеб свой на аслоў сваіх і пайшлі адтуль.

І адкрыў адзін зь іх мех свой, каб даць корму аслу свайму на начлезе, і ўбачыў срэбра сваё ў мяшку,

і сказаў сваім братам: срэбра маё вернута: вось яно ў мяшку ў мяне. І сумелася сэрца ў іх, і яны з дрыжыкамі казалі адзін аднаму: што гэта Бог зрабіў з намі?

І прыйшлі да Якава, бацькі свайго, у зямлю Ханаанскую і расказалі яму ўсё, што здарылася зь імі, кажучы:

правадыр той зямлі гаварыў з намі сурова і прыняў нас за выведнікаў зямлі той.

І сказалі мы яму: мы людзі сумленныя; мы ня бывалі выведнікамі:

нас дванаццаць братоў, сыноў у бацькі нашага; аднаго ня стала, а меншы цяпер з бацькам нашым у зямлі Ханаанскай.

І сказаў нам правадыр той зямлі: вось, як даведаюся я, ці сумленныя вы людзі: пакіньце ў мяне аднаго брата з вас; а вы вазьмеце хлеб з прычыны голаду ў сем'ях вашых, і ідзеце,

і прывядзеце да мяне меншага брата вашага: і даведаюся я, што вы ня выведнікі, а людзі сумленныя; аддам вам брата вашага, і вы можаце парупіцца ў гэтай зямлі.

А калі яны апаражнялі мяхі свае, вось, у кожнага кашэль срэбра ў мяху ягоным. І ўбачылі яны кашалі срэбра свайго, яны і бацька іхні, і спалохаліся.

І сказаў ім Якаў, бацька іхні: вы пазбавілі мяне дзяцей: Язэпа няма, і Сымона няма, і Веньяміна ўзяць хочаце, - усё гэта на мяне!

І сказаў Рувім бацьку свайму, кажучы: забі двух маіх сыноў, калі я не прывяду яго да цябе; аддай яго на мае рукі; я вярну яго табе.

Ён сказаў: ня пойдзе сын мой з вамі, бо брат ягоны памёр, і ён адзін застаўся; калі здарыцца зь ім няшчасьце ў дарозе, у якую вы пойдзеце, дык зьведзяце вы сівізну маю са смуткам у магілу.