Кніга прарока Асіі, разьдзел 6

У скрусе сваёй яны з раньняга рана будуць шукаць Мяне і казаць: хадзем і вернемся да Госпада! бо Ён параніў - і Ён ацаліць нас, уразіў - і перавяжа нашыя раны;

ажывіць нас праз два дні, на трэці дзень паставіць нас, і мы будзем жыць перад абліччам Яго.

Дык вось, спазнаем, будзем імкнуцца спазнаць Госпада; як ранішняя зара - зьяўленьні Яго, і Ён прыйдзе да нас як дождж, як позьні дождж абросіць зямлю.

Што зраблю табе, Яфрэме? што зраблю табе, Юдзе? пабожнасьць вашая як ранішні туман і як раса, хутка зьнікомая.

Таму Я ўражваў праз прарокаў і біў іх словамі вуснаў Маіх, і суд Мой як узыходнае сьвятло.

Бо Я міласьці хачу, а не ахвяры, і Богаведаньня болей, чым усеспаленьняў.

А яны, падобна Адаму, парушылі запавет і там здрадзілі Мне.

Галаад - горад бязбожнікаў, запэцканы крывёю.

Як рабаўнікі высочваюць чалавека, так зборню сьвятароў забіваюць на дарозе ў Сіхем і ўчыняюць мярзоты.

У доме Ізраіля Я бачу жудаснае; там блудадзейства ў Яфрэма, апаганіўся Ізраіль.

І табе, Юдзе, вызначана жніво, калі Я вярну палон народу Майго.