Кніга прарока Ісаі, разьдзел 12

І скажаш у той дзень: слаўлю Цябе, Госпадзе; Ты гневаўся на мяне, але адвёў гнеў Твой і суцешыў мяне.

Вось, Бог - ратунак мой: спадзяюся на Яго, і не баюся; бо Гасподзь - сіла мая, і песьня мая - Гасподзь; і Ён быў мне збавеньнем.

І ў радасьці будзеце чэрпаць ваду з крыніц збавеньня,

і скажаце ў той дзень: слаўце Госпада, заклікайце імя Яго; абвяшчайце ў народах дзеі Яго; нагадвайце, што вялікае імя Яго;

сьпявайце Госпаду, бо Ён учыніў вялікае, - хай ведаюць гэта на ўсёй зямлі.

Весяліся і радуйся, жыхарка Сіёна, бо вялікі сярод цябе Сьвяты Ізраілеў.