Кніга прарока Ісаі, разьдзел 36

І было на чатырнаццатым годзе цара Эзэкіі, пайшоў Сэнахірым, цар Асірыйскі супроць усіх умацаваных гарадоў Юдэі і ўзяў іх.

І паслаў цар Асірыйскі з Лахіса ў Ерусалім да цара Эзэкіі Рабсака зь вялікім войскам; і ён спыніўся каля канала Верхняй сажалкі на дарозе поля бялільнага.

І выйшаў да яго Эліякім, сын Хэлкіінаў, начальнік палаца, і Сэўна пісар, і Ёах, сын Асафаў, дзеяпісальнік.

І сказаў ім Рабсак: скажэце Эзэкію: так кажа цар вялікі, цар Асірыйскі: што гэта за надзея, на якую ты спадзяешся?

Я думаю, што гэта - адны пустыя словы, а вайне патрэбныя рада і сіла: дык вось, на каго ты спадзяешся, і чаго адпаў ад мяне?

Вось, ты думаеш абаперціся на Егіпет, на гэтую трысьціну надламаную, якая, калі хто на яе абапрэцца, увойдзе таму ў руку і пратне яе? Такі фараон, цар Егіпецкі, для ўсіх, хто на яго спадзяецца.

А калі скажаш мне: на Госпада Бога нашага мы спадзяёмся, - дык ці на таго, чые вышыні і ахвярнікі скасаваў Эзэкія і сказаў Юду і Ерусаліму: «перад гэтым толькі ахвярнікам пакланяйцеся».

Дык вось, уступі ў супольства з гаспадаром маім, царом Асірыйскім; - я дам табе дзьве тысячы коней, ці можаш ты дастаць сабе верхаўцоў на іх?

І як ты хочаш змусіць адступіць правадыра, аднаго з самых малых рабоў гаспадара майго, спадзяючыся на Егіпет, дзеля калясьніц і коней.

Ды хіба я бяз волі Гасподняй пайшоў на зямлю гэтую, каб зруйнаваць яе? Гасподзь сказаў мне: «ідзі на зямлю гэтую і зруйнуй яе».

І сказаў Эліякім і Сэўна і Ёах Рабсаку: гавары рабам тваім па-Арамейску, бо мы разумеем, а не гавары па-Юдэйску, у вушы люду, які на сьцяне.

І сказаў Рабсак: хіба толькі да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой сказаць словы гэтыя? Не, таксама і да людзей, якія сядзяць на сьцяне, каб есьці нечысьць сваю і піць мачу сваю з вамі.

І ўстаў Рабсак і абвясьціў моцным голасам па-Юдэйску, і сказаў: слухайце слова, цара вялікага, цара Асірыйскага!

Так кажа цар: хай ня зводзіць вас Эзэкія, бо ён ня можа выратаваць вас;

І хай не абнадзейвае вас Эзэкія Госпадам, кажучы; «збавіць нас Гасподзь; ня будзе горад гэты аддадзены ў рукі цара Асірыйскага».

Ня слухайце Эзэкіі, бо так кажа цар Асірыйскі: замірэцеся са мною і выйдзіце да мяне, і хай кожны есьць плады вінаграднай лазы сваёй і смакоўніцы сваёй, і хай кожны п'е ваду з свайго калодзежа,

пакуль я ня прыйду і не вазьму вас у зямлю такую самую, як і ваша зямля, у зямлю хлеба і віна, у зямлю пладоў і вінаграднікаў.

Дык вось, хай жа ня зводзіць вас Эзэкія, кажучы: «Гасподзь збавіць нас». Ці ж уратавалі багі народаў, кожны сваю зямлю, ад рукі цара Асірыйскага?

Дзе багі Эмата і Арпада? дзе багі Сэпарваіма? ці ж уратавалі яны Самарыю ад рукі маёй?

Каторы з усіх багоў земляў гэтых убараніў зямлю сваю ад рукі маёй? Дык няўжо ўбароніць Гасподзь Ерусалім ад рукі маёй?

Але яны маўчалі і не адказвалі яму ні слова, бо ад цара быў загад: не адказвайце яму.

І прыйшоў Эліякім, сын Халкіінаў, начальнік палаца і Сэўна пісар, і Ёах, і сын Асафаў, дзеяпісальнік, да Эзэкіі, у падранай адзежы, і пераказалі яму слова Рабсака.