Кніга Судзьдзяў, разьдзел 19

У тыя дні, калі ня было цара ў Ізраіля, жыў адзін лявіт на схіле гары Яфрэмавай. І ўзяў сабе наложніцу зь Віфляема Юдэйскага.

Наложніца ягоная пасварылася зь ім, і пайшла ад яго ў дом бацькі свайго ў Віфляем Юдэйскі, і была там чатыры месяцы.

Муж яе ўстаў і пайшоў за ёю, каб пагаварыць у сэрца яе і вярнуць яе да сябе. Зь ім быў слуга ягоны і пара аслоў. Яна ўвяла яго ў дом бацькі свайго.

Бацька гэтай маладой жанчыны, убачыўшы яго, радасна сустрэў яго, і затрымаў яго цесьць ягоны, бацька маладой жанчыны. І прабыў ён у яго тры дні; яны елі і пілі і начавалі там.

На чацьвёрты дзень усталі яны рана, і ён устаў, каб ісьці. І сказаў бацька маладой жанчыны зяцю свайму: падмацуй сэрца тваё лустай хлеба, і потым пойдзеце.

Яны засталіся, і абодва разам елі і пілі. І сказаў бацька маладой жанчыны чалавеку таму: застанься яшчэ на ноч, і хай павесяліцца сэрца тваё.

Чалавек той устаў быў, каб ісьці, але цесьць упрасіў яго, і ён зноў начаваў там.

На пяты дзень устаў ён раніцай, каб ісьці. І сказаў бацька маладой жанчыны той: падмацуй сэрца тваё хлебам, і пачакайце, пакуль ня схіліцца дзень. І елі абое яны.

І ўстаў той чалавек, каб ісьці, сам ён, наложніца ягоная і слуга ягоны. І сказаў яму цесьць ягоны, бацька маладой жанчыны: вось, дзень схіліўся на вечар, начуйце, калі ласка; вось, дзень хутка скончыцца, начуй тут, хай павесяліцца сэрца тваё; заўтра раней устанеце ў дарогу вашую, і пойдзеш у дом твой.

Але мужчына не згадзіўся начаваць, устаў і пайшоў; і прыйшоў у Евус, што сёньня Ерусалім; зь ім пара наўючаных аслоў і наложніца ягоная зь ім.

Калі яны былі паблізу Евуса, дзень ужо моцна схіліўся. І сказаў слуга гаспадару свайму: зойдзем у гэты горад Евусэяў, і заначуем у ім.

Гаспадар яго сказаў яму: не, ня пойдзем у горад іншапляменцаў, якія ня з сыноў Ізраілевых, а дойдзем ла Гівы.

І сказаў слузе свайму: дойдзем да аднаго з гэтых месцаў, і заначуем у Гіве, або ў Раме.

І пайшлі, і ішлі, і закацілася сонца каля Гівы Веньямінавай.

І завярнулі яны туды, каб пайсьці начаваць у Гіве. І прыйшоў ён і сеў на вуліцы ў горадзе; але ніхто не запрашаў іх у дом на наялег.

І вось, ідзе адзін стары з працы сваёй з поля ўвечары; ён родам быў з гары Яфрэмавай, і жыў у Гіве. А жыхары горада гэтага былі сыны Веньямінавыя.

Ён падняў вочы свае, убачыў прахожага на вуліцы гарадской. І сказаў стары: куды ідзеш? і адкуль ты прыйшоў?

Той сказаў яму: мы ідзём зь Віфляема Юдэйскага да гары Яфрэмавай, адкуль я. Я хадзіў у Віфляем Юдэйскі, а цяпер іду да дома Госпада; і ніхто не запрашае мяне ў дом.

У нас ёсьць і салома і корм аслам нашым: таксама хлеб і віно мне, рабыні тваёй і слузе гэтаму ёсьць у рабоў тваіх; ні ў чым няма нястачы.

Стары сказаў яму: будзь спакойны; уся нястача твая на мне; толькі не начуй на дварэ.

І ўвёў яго ў свой дом і задаў корму аслам ягоным, а самыя яны абмылі ногі свае, і елі і пілі.

Калі яны разьвесялілі сэрцы свае, вось, жыхары горада, людзі распусныя, атачылі дом, стукаліся ў дзьверы і казалі старому, гаспадару дома: выведзі чалавека, які ўвайшоў у дом твой, мы спазнаем яго.

Гаспадар дома выйшаў да іх і сказаў ім: не, братове мае, не рабеце ліха, калі гэты чалавек увайшоў у дом мой, не рабеце гэтага вар'яцтва.

Вось у мяне дачка дзяўчына, і ў яго наложніца, выведу я іх, упакорце іх, і рабеце зь імі, што вам заўгодна; а з чалавекам гэтым не рабеце гэтага вар'яцтва.

Але яны не хацелі слухаць яго. Тады мужчына ўзяў сваю наложніцу, і вывеў да іх на вуліцу. Яны спазналі яе, і глуміліся зь яе ўсю ноч да раніцы. І адпусьцілі яе, як толькі занялася зара.

І прыйшла жанчына з зарою, і ўпала каля дзьвярэй дома таго чалавека, у якога быў гаспадар яе, і ляжала да сьвятла.

Гаспадар яе ўстаў раніцай, адчыніў дзьверы дома, і выйшаў, каб ісьці ў дарогу сваю: аж вось, ляжыць наложніца ягоная каля дзьвярэй дома, і рукі яе на парозе.

Ён сказаў ёй: уставай, пойдзем. Але адказу ня было, бо яна памерла. Ён паклаў яе на асла, устаў і пайшоў у сваё месца.

Прыйшоўшы ў дом свой, узяў нож, і, узяўшы наложніцу сваю, разрэзаў яе па чэлесах на дванаццаць частак, і паслаў ва ўсе межы Ізраілевыя.

Кожны, хто бачыў гэта, казаў: ня бывала і ня бачана было такога зь дня выхаду сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай да сёньня; уважце гэтаму, парайцеся і скажэце.