Кніга прарока Ераміі, разьдзел 51

Так кажа Гасподзь: вось, Я падыму на Вавілон і на жыхароў ягоных супраціўнікаў Маіх.

І пашлю на Вавілон вейнікаў, і разьвеюць яго, і спустошаць зямлю яго, бо ў дзень бедства нападуць на яго з усіх бакоў.

Хай лучнік напінае лук супроць таго, хто напінае лук, і на таго, хто выстаўляецца бранёю сваёю; і ня літуйце юнакоў яго, зьнішчыце ўсё войска ягонае.

Пабітыя няхай упадуць на зямлі Халдэйскай і прабітыя - на дарогах яе.

Бо не аўдавеў Ізраіль і Юда ад Бога свайго, Госпада Саваофа, хоць зямля іх поўная грахамі перад Сьвятым Ізраілевым.

Уцякайце з асяродзьдзя Вавілона і ратуйце кожны душу сваю, каб не загінуць ад беззаконьня яго, бо гэта час помсты ў Госпада: Ён аддасьць яму аддачу.

Вавілон быў залатою чараю ў руцэ ў Госпада, што ап'яняла ўсю зямлю; народы пілі зь яе віно і вар'яцелі.

Раптоўна ўпаў Вавілон і разьбіўся; галасеце па ім, вазьмеце бальзаму на раны яго, можа, ён ацаліцца.

Лекавалі мы Вавілон, але не ацаліўся; пакіньце яго, і хадземце кожны ў сваю зямлю, бо вырак пра яго дастаў да нябёсаў і падняўся да воблакаў.

Гасподзь вывеў на сьвятло праўду нашу; хадземце і ўзьвесьцімце на Сіёне дзею Госпада Бога нашага.

Вастрэце стрэлы, напаўняйце калчаны; Гасподзь разбудзіў дух цароў Мідыйскіх, бо ў Яго ёсьць намер супроць Вавілона, каб зьнішчыць яго, бо гэта ёсьць помста Госпада, помста за храм Ягоны.

Насупроць сьцен Вавілона падымеце сьцяг, узмоцніце нагляд, расстаўце варту, падрыхтуйце засады, бо, як Гасподзь намысьліў, так і зробіць, што мовіў на жыхароў Вавілона.

О, ты, што жывеш каля водаў вялікіх, багаты скарбамі! прыйшоў канец твой, мера прагнасьці тваёй!

Гасподзь Саваоф, запрысягнуўся Самім Сабою: у ісьціне кажу, што напоўню цябе людзьмі, як саранчою, і падымуць крык супроць цябе.

Ён стварыў зямлю сілаю Сваёю, сьцвердзіў сусьвет мудрасьцю Сваёю і розумам Сваім расхінуў нябёсы.

Па голасе Яго шумяць воды на нябёсах, і Ён узводзіць воблакі ад краёў зямлі, творыць маланкі сярод дажджу і выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх.

Вар'яцее кожны чалавек у сваім веданьні, сарамаціць сябе кожны гутнік балванам сваім, бо балван ягоны ёсьць хлусьня, і няма ў ім духу.

Гэта - поўная пустата, дзея аблуды; у час наведаньня іх яны зьнікнуць.

Не такая, як іхняя, доля Якава, бо Бог ягоны ёсьць Творца ўсяго, і Ізраіль ёсьць жазло спадчыны Ягонай, імя Яго - Гасподзь Саваоф.

Ты ў мяне - молат, зброя вайсковая; табою Я пабіваў народы і табою разбураў царствы;

табою пабіваў каня і вершніка яго і табою пабіваў калясьніцу і калясьнічага яе;

табою пабіваў мужа і жонку, табою пабіваў і старога і маладога, табою пабіваў і юнака і дзяўчыну;

і табою пабіваў пастуха і статак ягоны, табою пабіваў і земляроба і працоўнае быдла ягонае, табою пабіваў і начальнікаў вобласьцяў і кіроўцаў гарадоў.

І аддам Вавілону і ўсім жыхарам Халдэі за ўсё тое ліха, якое яны чынілі на Сіёне на вачах у вас, кажа Гасподзь.

Вось, Я - на цябе, гара загубная, кажа Гасподзь, што руйнуе ўсю зямлю, і працягну на цябе руку Маю, і скіну цябе са скалаў і зраблю цябе гарою абгарэлаю.

І ня возьмуць зь цябе каменя для вуглоў і каменя на падмурак, а вечна будзеш запусьценьнем, кажа Гасподзь.

Падымеце сьцяг на зямлі, трубеце ў трубу сярод народаў, азбройце супроць яго народы, склічце на яго царствы Арарацкія, Мінійскія і Аскеназскія, пастаўце правадыра супроць яго, навядзеце коней, як страшную саранчу.

Азбройце супроць яго народы, цароў Мідыі, начальнікаў абласьцей і ўсіх кіроўцаў яе гарадоў і ўсю зямлю, падуладную ёй.

Трасецца зямля і трымціць, бо спраўджваюцца над Вавілонам намеры Госпада зрабіць зямлю Вавілонскую пусткаю без жыхароў.

Перасталі змагацца асілкі Вавілонскія, сядзяць ва ўмацаваньнях сваіх; вычарпалася сіла іхняя, зрабіліся як жанчыны, жытлішчы іхнія спалены, замкі іхнія патрушчаны.

Ганец бяжыць насустрач ганцу, і весьнік - насустрач весьніку, каб узьвясьціць цару Вавілонскаму, што горад яго ўзяты з усіх бакоў,

і броды захоплены, і агароджы спалены агнём, і ваяры ахоплены страхам.

Бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: дачка Вавілона падобная на гумно ў час малацьбы ў ім; яшчэ крыху, і настане час жніва яе.

Жэр мяне і грыз мяне Навухаданосар, цар Вавілонскі; зрабіў мяне пустым посудам; праглынуў мяне, як дракон; напаўняў чэрава сваё слодычамі маімі, вывяргаў мяне,

Крыўда мая і плоць мая - на Вавілоне, скажа насельніца Сіёна, і кроў мая - на жыхарах Халдэі, скажа Ерусалім.

Таму так кажа Гасподзь: вось, я ўступлюся ў тваю дзею і адпомшчу за цябе, і асушу мора яго, і высушу каналы яго.

І Вавілон будзе грудаю руінаў, селішчам шакалаў, жудасьцю і пасьмешышчам, без жыхароў.

Як ільвы зыркаюць усе яны, і заравуць як шчанюкі ільвіныя.

У час іхняга разгарачэньня зраблю ім гасьціну і ўпаю іх, каб яны павесяліліся і заснулі вечным сном, і не прачыналіся, кажа Гасподзь.

Зьвяду іх як ягнят на закол, як бараноў з казламі.

Як узяты Сэсах, і заваявана слава ўсёй зямлі! Як зрабіўся Вавілон жахам сярод народаў!

Памкнулася на Вавілон мора; ён пакрыты мноствам хваляў яго.

Гарады яго зрабіліся пустымі, зямля сухою, стэпам, зямлёю; дзе ня жыве ніводзін чалавек, і дзе не праходзіць сын чалавечы.

І наведаю Віла ў Вавілоне і вырву з вуснаў ягоных праглынутае ім, і народы ня будуць болей сьцякацца да яго, нават і муры Вавілонскія асыплюцца.

Выходзь з асяродзьдзя яго, народзе Мой, і ратуйце кожны душу сваю ад палымянага гневу Госпада.

Хай не аслабне сэрца вашае, і ня бойцеся чуткі, якая будзе пачута на зямлі; чутка прыйдзе ў адзін год, і потым на другі год, і на зямлі будзе гвалт, валадар паўстане на валадара.

Таму вось, прыходзяць дні, калі Я наведаю балваноў Вавілона, і ўся зямля ягоная будзе пасаромлена, і ўсе пабітыя яго ўпадуць сярод яго.

І ўзрадуюцца над Вавілонам неба і зямля і ўсё, што на іх; бо з поўначы прыйдуць да яго спусташальнікі, кажа Гасподзь.

Як Вавілон не скідаў пабітых Ізраільцян, так у Вавілоне будуць скінуты пабітыя ўсёй краіны.

Хто ўратуецца ад меча, уцякайце, ня спыняйцеся, спамянеце здалёк пра Госпада, і хай узыдзе Ерусалім на сэрца ваша.

Сорамна нам было, калі мы слухалі нагану; ганьба пакрывала твары нашыя, калі чужаземцы прыйшлі ў сьвятыню дома Гасподняга.

Затое вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі я наведаю балваноў ягоных, і па ўсёй зямлі яго будуць стагнаць параненыя.

Хоць бы Вавілон узвысіўся да нябёсаў, і хоць бы ён на вышыні ўмацаваў цьвярдыню сваю; але ад мяне прыйдуць да яго спусташальнікі, кажа Гасподзь.

Праляціць гул ляманту ад Вавілона і вялікае разбурэньне - ад зямлі Халдэйскай,

бо Гасподзь спустошыць Вавілон і пакладзе канец ганарыстаму голасу ў ім. Зашумяць хвалі іх як вялікія воды, пачуецца шумны голас іх.

Бо прыйдзе на яго, на Вавілон, спусташальнік, і ўзяты будуць ратаборцы ягоныя, паламаныя будуць лукі іхнія; бо Гасподзь, Бог аддачаў, аддасьць аддачу.

І напаю дап'яна князёў яго і мудрацоў яго, начальнікаў вобласьцяў яго і кіроўцаў гарадоў яго, і ваяроў яго, і заснуць сном вечным і не прачнуцца, кажа Цар, - Гасподзь Саваоф імя Яго.

Так кажа Гасподзь Саваоф: тоўстыя муры Вавілона да падмурку будуць разбураны, і высокія брамы яго будуць спалены агнём; і вось, дарма працавалі народы, і плямёны мучылі сябе дзеля агню.

Слова, якое прарок Ерамія наказаў Сэраю, сыну Нірыі, сыну Маасэі, калі ён выпраўляўся ў Вавілон з Сэдэкіем, царом Юдэйскім, у чацьвёрты год яго цараваньня; Сэрая быў галоўны пасьцельнік.

Ерамія ўпісаў у адну кнігу ўсе бядоты, якія павінны былі прыйсьці на Вавілон, усе гэтыя прамовы, напісаныя на Вавілон.

І сказаў Ерамія Сэраю: калі ты прыйдзеш у Вавілон, дык глядзі, прачытай усе гэтыя прамовы,

і скажы: Госпадзе! Ты прамовіў пра месца гэтае, што зьнішчыш яго так, што не застанецца ў ім ні чалавека, ні быдла, а яно будзе вечнаю пустэльняю.

І калі закончыш чытаньне гэтай кнігі, прывяжы да яе камень і кінь яе на сярэдзіну Еўфрата,

і скажы: так апусьціцца Вавілон і не паўстане ад таго бедства, якое Я навяду на яго, і яны зусім зьнямогуцца. Дагэтуль прамовы Ераміі.