Паводле Яна сьвятое дабравесьце, разьдзел 14

Хай не бянтэжыцца сэрца ваша; веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце.

У доме Айца Майго прыстанішча многа, а калі б ня так, Я сказаў бы вам: Я іду падрыхтаваць месца вам.

І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і вазьму вас да Сябе, каб і вы былі, дзе Я.

А куды Я іду, вы ведаеце, і шлях ведаеце.

Тамаш сказаў Яму: Госпадзе! ня ведаем, куды ідзеш; і як можам ведаць шлях?

Ісус сказаў яму: Я - і шлях і праўда і жыцьцё; ніхто ня прыходзіць да Айца, як толькі церазь Мяне.

Калі б вы ведалі Мяне, дык ведалі б і Айца Майго. І ад сёньня ведаеце Яго, і бачылі Яго.

Піліп сказаў Яму: Госпадзе! пакажы нам Айца, і досыць нам.

Ісус сказаў яму: столькі часу Я з вамі, і ты ня ведаеш Мяне, Піліпе? хто бачыў Мяне, бачыў Айца; як жа ты кажаш: «пакажы нам Айца»?

Хіба ня верыш ты, што Я ў Айцы, і Айцец ува Мне? Словы, якія кажу Я вам, кажу не ад Сябе; Айцец, Які існы ўва Мне, Ён творыць дзеі.

Верце Мне, што Я ў Айцы, і Айцец ува Мне; а калі ня так, дык верце Мне па самых дзеях.

Праўду, праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, дзеі, якія твару Я, і Ён створыць, і болей за іх створыць; бо Я да Айца Майго іду.

І калі чаго папросіце ў Айца ў імя Маё, дык зраблю, хай праславіцца Айцец у Сыне;

калі чаго папросіце ў імя Маё, я тое зраблю.

Калі любіце Мяне, захавайце Мае запаведзі,

і Я ўмалю Айца, і дасьць вам другога Суцешніка, хай будзе з вамі вавек,

Духа праўды, Якога сьвет ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго і ня ведае Яго; а вы ведаеце Яго, бо Ён з вамі існы, і ў вас будзе.

Не пакіну вас сіротамі; прыйду да вас;

яшчэ трошкі, і сьвет ужо ня ўбачыць Мяне; а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыцьмеце.

У той дзень спазнаеце вы, што Я ў Айцы Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас.

Хто мбе запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне; а хто любіць Мяне, той палюбіцца Айцу Майму, і Я палюблю яго і зьяўлюся яму Сам.

Юда, не Іскарыёт, кажа Яму: Госпадзе! што гэта, што Ты хочаш зьявіць Сябе нам, а ня сьвету?

Ісус сказаў яму ў адказ: хто любіць Мяне, той сьледуе слову Майму; і Айцец Мой палюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго і прыстанішча ў ім створым.

Хто ня любіць Мяне, ня сьледуе словам Маім; а слова, якое вы чуеце, ня ёсьць Маё, а Айца, што паслаў Мяне.

Гэта сказаў Я вам, будучы з вамі;

А Суцешнік, Дух Сьвяты, Якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам усё, што Я казаў вам.

Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам: ня так, як сьвет дае, Я даю вам. Хай не бянтэжыцца сэрца ваша і хай не застрашыцца.

Вы чулі, што я сказаў вам: іду ад вас і прыйду да вас. Калі б вы любілі Мяне, дык узрадаваліся б, што Я сказаў: іду да Айца; бо Айцец Мой большы за Мяне.

І вось, Я сказаў вам пра тое, раней чым збылося, каб вы паверылі, калі збудзецца.

Ужо нядоўга Мне гутарыць з вамі, бо ідзе князь сьвету гэтага, ды ня мае ўлады над Мною.

Але каб сьвет ведаў, што Я люблю Айца, і, як наказаў Мне Айцец, так і твару: устаньце, пойдзем адгэтуль.