Евангелле паводле Яна, глава 5

Ян 5Пасьля гэтага было сьвята Юдэйскае, і прыйшоў Ісус у Ерусалім.А ёсьць у Ерусаліме каля Авечае брамы купальня, называная па-Габрэйску Віфезда, якая мела пяць крытых уваходаў;у іх ляжала вялікае мноства хворых, сьляпых, кульгавых, сухіх, якія чакалі руху вады;бо анёл Гасподні часам сыходзіў у купальню і парушаў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасьля парушэньня вады, той здаровы рабіўся, на якую б хваробу ні пакутаваў.Тут быў чалавек, які хварэў трыццаць восем гадоў.Ісус, угледзеўшы, як ён ляжыць, і даведаўшыся, што ён ляжыць ужо доўгі час, кажа яму: ці хочаш быць здаровым?Хворы адказваў Яму: так, Госпадзе; але ня маю чалавека, які апусьціў бы мяне ў купальню, калі парушыцца вада; калі ж я прыходжу, нехта іншы ўжо ўваходзіць раней за мяне.Ісус кажа яму: устань, вазьмі пасьцель тваю і хадзі.І той адразу выздаравеў, і ўзяў пасьцель сваю, і пайшоў. Было ж гэта ў дзень суботні.Пасьля Юдэі казалі ацалёнаму: сёньня субота; не павінен ты браць пасьцель.Ён адказваў ім: Хто мяне вылечыў, Той мне сказаў: вазьмі пасьцель тваю і хадзі.У яго спыталіся: хто Той Чалавек, Які сказаў табе: вазьмі пасьцель тваю і хадзі?Але ацалёны ня ведаў, хто Ён; бо Ісус зьнік сярод людзей, якія былі на тым месцы.Потым Ісус спаткаў яго ў храме і сказаў яму: вось, ты стаў здаровы; не грашы болей, каб ня сталася з табою чаго горшага.Чалавек гэты пайшоў і абвясьціў Юдэям, што Той, Хто ацаліў яго, ёсьць Ісус.І пачалі Юдэі перасьледаваць Ісуса і намышлялі забіць Яго за тое, што Ён рабіў усе такія дзеі ў суботу.А Ісус казаў ім: Айцец Мой дагэтуль робіць, і Я раблю.І яшчэ больш намышлялі забіць Яго Юдэі за тое, што Ён ня толькі парушаў суботу, але і Айцом Сваім называў Бога, робячы Сябе роўным Богу.На гэта Ісус сказаў: праўду, праўду кажу вам: Сын нічога ня можа тварыць Сам ад Сябе, калі ня ўбачыць, як Айцец творыць: бо, што творыць Ён, тое і Сын творыць таксама.Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што творыць Сам; і пакажа Яму дзеі большыя за гэтыя, так што вы зьдзівіцеся.Бо, як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча.Бо Айцец і ня судзіць нікога, а ўвесь суд аддаў Сыну,каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, той не шануе і Айца, Які паслаў Яго.Праўду, праўду кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае, і на суд ня прыходзіць, а перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё.Праўду, праўду кажу вам: настае час, і настаў ужо, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і пачуўшы, ажывуць.Бо як Айцец мае жыцьцё ў Самім Сабе, так і Сыну даў мець жыцьцё ў Самім Сабе;і даў яму ўладу правіць і суд, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы.Ня зьдзіўляйцеся з гэтага: бо настае час, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Сына Божага,і выйдуць тыя, што тварылі дабро на ўваскрэсеньне жыцьця, а што ліха чынілі - на ўваскрэсеньне асуды.Я нічога не магу тварыць Сам ад Сябе. Як чую, так і суджу, і суд Мой справядлівы, бо ня шукаю Маёй волі, а волі Айца, Які паслаў Мяне.Калі Я сьведчу Сам пра Сябе, дык сьведчаньне Маё ня ёсьць ісьціна:ёсьць іншы, хто сьведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што ісьціна ёсьць тое сьведчаньне, якім ён сьведчыць пра Мяне;вы пасылалі да Яна, і ён засьведчыў пра ісьціну.А Я вось не ад чалавека прымаю сьведчаньне, а кажу гэта на тое, каб вы ўратаваліся.Ён быў сьвяцільнік, што гарэў і сьвяціў; а вы хацелі якісь час парадавацца пры сьвятле ягоным.Але Я маю сьведчаньне большае за Янавае: бо дзеі, якія Айцец даў мне зьдзейсьніць, самыя дзеі гэтыя, якія Я чыню, сьведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне.І Айцец, Які паслаў Мяне, сам засьведчыў пра Мяне. А вы ні голасу Ягонага ніколі ня чулі, ні аблічча Ягонага ня бачылі,і ня маеце слова Ягонага, каб яно былося ў вас, бо ня верыце вы Таму, Каго Ён паслаў.Дасьледуйце Пісаньні, бо вы думаеце празь іх мець жыцьцё вечнае: а яны ж сьведчаць пра Мяне.Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне, каб мець жыцьцё.Ня прымаю славы ад людзей,але ведаю вас: вы ня маеце ў сабе любові да Бога.Я прыйшоў у імя Айца Майго, і ня прымаеце Мяне; а калі нехта іншы прыйдзе ў імя сваё, яго прымеце.Як вы можаце верыць, калі адзін ад аднаго прымаеце славу, а славы, якая ад адзінага Бога, ня шукаеце?Ня думайце, што Я буду вінаваціць вас перад Айцом: ёсьць на вас скаржнік Майсей, на якога вы спадзеяцеся.Бо калі б вы верылі Майсею, дык паверылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне.А калі ягоным пісаньням ня верыце, - як паверыце Маім словам?