Кніга Ёва, разьдзел 10

Абрыдла душы маёй жыцьцё маё: аддамся журбоце маёй; гаварыцьму ў гароце душы маёй.

Скажу Богу: не вінаваці мяне; абвясьці мне, за што Ты са мною змагаешся?

Ці добра Табе, што Ты прыгнятаеш, што пагарджаеш дзеяй рук Тваіх, а на раду бязбожных пасылаеш сьвятло?

Хіба ў Цябе цялесныя вочы, і Ты глядзіш, як глядзіць чалавек?

Хіба дні Твае, як дні ў чалавека, альбо леты Твае, як дні ў мужчыны,

што Ты шукаеш заганы ўва мне і дапытваешся грэху ўва мне,

хоць ведаеш, што я не беззаконьнік, і што няма каму выбавіць мяне ад рукі Тваёй?

Твае рукі працавалі над мною і ўтварылі ўсяго мяне цалкам, - і Ты губіш мяне?

Успомні, што Ты, як гліну, урабіў мяне, і ў пыл ператвараеш мяне?

Ці ня Ты выліў мяне, як малако, і, як тварог, згусьціў мяне,

скураю і плоцьцю апрануў мяне, косткамі і жыламі змацаваў мяне,

жыцьцё і мілату падарыў мне, і клопат Твой ахоўваў дух мой?

Але і тое хаваў Ты ў сэрцы Сваім, - ведаю, што гэта было ў Цябе, -

што калі я зграшу, Ты заўважыш і не пакінеш грэху майго без пакараньня.

Калі я вінаваты, гора мне! калі і мая праўда, дык не адважуся падняць галавы маёй. Я сыты прыніжэньнем; паглядзі на гора маё:

яно павялічваецца. Ты гонішся за мною, як леў, і зноў нападаеш на мяне і дзівосным з'яўляешся мне.

Выводзіш новых сьведкаў Тваіх супроць мяне; узмацняеш гнеў Твой на мяне; і беды, адны за аднымі, паўстаюць супроць мяне.

І навошта Ты вывеў мяне з чэрава? хай бы я памёр, калі яшчэ нічыё вока ня бачыла мяне;

хай бы я, як нябылы, з чэрава перанесены быў у магілу!

Ці не кароткія дні мае? Пакінь, адступіся ад мяне, каб я крыху падбадзёрыўся,

перш чым адыду, - і ўжо не вярнуся, - у край цемры і ценю сьмяротнага,

у край змроку, які ёсьць змрок ценю сьмяротнага, дзе няма ладу, дзе цёмна, як сама цемра.