Кніга Ёва, разьдзел 12

І адказваў Ёў і сказаў;

а ўжо ж такі, толькі вы людзі, і з вамі памрэ мудрасьць!

І ў мяне ёсьць сэрца, як у вас; ня ніжэйшы я за вас; і хто ня ведае таго самага.

Пасьмешышчам зрабіўся я свайму сябру, я, хто заклікаў Бога, і каму Ён адказваў, пасьмешышчам - чалавек праведны, беспахібны.

Так, на думку таго, хто сядзіць у спакоі, пагарды вартая паходня, падрыхтаваная таму, чые ногі спатыкаюцца.

Спакойныя намёты ў рабаўнікоў і бясьпечныя ў тых, што дражняць Бога, што быццам Бога носяць на руках сваіх.

А ўжо ж такі: спытайся ў быдла, і навучаць цябе, - у птушкі нябеснай, і абвесьціць табе;

альбо пагутары зь зямлёю, і наставіць цябе, і скажуць табе рыбы марскія.

Хто ва ўсім гэтым ня ўведае, што рука Госпада стварыла гэта.

У Ягонай руцэ душа ўсяго жывога і дух усякі чалавечай плоці.

Ці ж ня вуха разьбірае словы, і ці не язык распазнае смак ежы?

У старцах - мудрасьць, і ў даўгавечных - розум.

У Яго мудрасьць і сіла; Ягоныя рада і розум.

Што Ён разбурыць, тое не адбудзецца; каго Ён увязьніць, той ня вызваліцца.

Спыніць воды, і ўсё ўсохне; пусьціць іх, і пераўтвораць зямлю.

У Яго магутнасьць і мудрасьць, прад Ім той, хто заблытвае і ўводзіць у аблуду.

Ён прыводзіць дарадцаў да неабдуманасьці і судзьдзяў робіць дурнымі.

Ён вызваляе з повязяў цароў і поясам абвязвае сьцёгны ім;

князёў пазбаўляе годнасьці і кідае ніцма адважных;

адбірае мову ў красамоўных і старцаў пазбаўляе глузду;

пакрывае сорамам знакамітых і сілу ў магутаў паслабляе;

адчыняе глыбокае зь сярэдзіны цемры і выводзіць на сьвятло цень сьмяротны;

памнажае народы і вынішчае іх; расьсявае народы і зьбірае іх;

адбірае розум у стрэйшынаў народу зямлі і пакідае іх блукаць у пустыні, дзе няма дарогі;

вобмацкам ходзяць яны ў цемры без сьвятла і хістаюцца, як п'яныя.