Кніга Ёва, разьдзел 13

Вось, усё гэта бачыла вока маё, чула вуха маё і зьмеціла сабе.

Колькі ведаеце вы, ведаю і я: я ня ніжэйшы за вас.

Але я да Ўсяўладнага хацеў бы гаварыць і жадаў бы спаборнічаць з Богам.

А вы плетуны хлусні; усе вы бескарысныя лекары.

О, калі б толькі вы маўчалі! гэта было б залічана вам у мудрасьць.

Выслухайце ж разважаньні мае і ўдумайцеся ў пярэчаньне вуснаў маіх.

Ці трэба было вам дзеля Бога гаварыць няпраўду і дзеля Яго гаварыць ману?

Ці трэба было вам быць заўгодным Яму і за Бога так спрачацца?

Ці добра будзе, калі Ён выпрабуе вас? Ці ашукаеце Яго, як ашукваюць чалавека?

Строга пакарае Ён вас, хоць вы і патайна крывадушнічаеце.

Няўжо веліч Ягоная не палохае вас, і страх Ягоны не нападае на вас?

Напаміны вашыя падобныя на попел, апоры вашыя - апоры гліняныя.

Замоўкніце перад мною, і я буду гаварыць, што б ні напаткала мяне.

Навошта мне турзаць цела маё зубамі маімі і душу маю класьці ў руку маю?

Вось, Ён забівае мяне, але я буду спадзявацца; я хацеў бы толькі адстояць шляхі мае прад абліччам Ягоным!

І гэта ўжо ў апраўданьне мне, таму што крывадушнік ня пойдзе прад аблічча Ягонае!

Выслухайце ж уважліва слова маё і тлумачэньне маё вушамі вашымі.

Вось, я завёў судовую справу: ведаю, што праўда мая.

Хто здольны аспрэчыць мяне? Бо я неўзабаве замоўкну і выпушчу дух.

Дваяка толькі не рабі са мною, і тады я ня буду хавацца ад аблічча Твайго:

адвядзі ад мяне руку Тваю, і жах Твой хай не трасе мяне.

Тады кліч, і я буду адказваць, альбо буду гаварыць я, а Ты адказвай мне.

Колькі ў мяне заганаў і грахоў? пакажы мне беззаконьне маё і грэх мой.

Навошта хаваеш аблічча Тваё і лічыш мяне ворагам Тваім?

Ці не сарваную лісьцінку Ты расьціраеш і ці ня сухую саломіну перасьледуеш?

Бо Ты пішаш на мяне горкае і залічваеш мне грахі маладосьці маёй,

і ставіш у калодку ногі і прасочваеш усе сьцежкі мае, - гонішся па сьлядах ног маіх.

А ён, як цьвіль, распадаецца, як вопратка, сточаная мольлю.