Кніга Ёва, разьдзел 15

І адказваў Эліфаз Тэманіцянін і сказаў:

ці будзе мудры адказваць веданьнем пустым і напаўняць чэрава сваё ветрам палючым,

апраўдвацца словамі бескарыснымі і моваю, якая ня мае ніякай сілы?

Але ты адклаў і страх і за міласьць лічыш словы да Бога.

Бязбожнасьць твая так наладзіла вусны твае, і ты выбраў мову падступных.

Цябе вінавацяць вусны твае, а ня я, і твой язык гаворыць супроць цябе.

Хіба ж ты першым чалавекам нарадзіўся і раней за пагоркі створаны?

Хіба ж раду Божую ты чуў і прыхінуў да сябе мудрасьць?

Што ведаеш ты, чаго б ня ведалі мы? што разумееш ты, чаго ня было б у нас?

І сівы і старац ёсьць сярод нас, які днямі перабольшае бацьку твайго.

Хіба маласьць табе суцяшэньні Божыя? І гэта невядома табе?

Да чаго парывае цябе сэрца тваё, і дзеля чаго так ганарыста глядзіш?

Чаго скіроўваеш супроць Бога дух твой і вуснамі тваімі прамаўляеш такія словы?

Што такое чалавек, каб быў ён чысты, і каб народжаны жанчынай быў праведны?

Вось, Ён і сьвятым Сваім не давярае, і нябёсы нячыстыя ў вачах у Яго:

тым болей нячысты і разбэшчаны чалавек, які п'е беззаконьне, як ваду.

Я буду гаварыць табе, слухай мяне; я раскажу табе, што бачыў,

што чулі мудрыя і ня ўтоілі чутага ад бацькоў сваіх,

якім адным аддадзена была зямля, і сярод якіх чужы не хадзіў.

Бязбожны мучыць сябе праз усе дні свае, і лік гадоў заслонены ад прыгнятальніка:

гук жахаў у вушах ягоных; сярод міру ідзе на яго згубнік,

Ён не спадзяецца выратавацца ад цемры: бачыць перад сабою меч.

Ён бадзяецца за кавалак хлеба ўсюды; ведае, што ўжо гатовы, у руках у яго дзень цемры.

Палохае яго нэндза і ўціск; адольвае яго, як цар, які падрыхтаваўся да бітвы,

за тое, што ён працягваў супроць Бога руку сваю і супрацівіўся Ўсеўладнаму,

памыкаўся супроць яго з ганарыстым каркам, пад тоўстымі шчытамі сваімі;

бо ён пакрыў аблічча сваё тлушчам сваім і абклаў салам сьцёгны свае.

І ён селіцца ў гарадах спустошаных, у дамах, у якіх ня жывуць, якія асуджаны на руйнаваньне.

Не задоўжыцца ён у багацьці і не ацалее маёмасьць ягоная, і не распаўсюдзіцца па зямлі набытак ягоны.

Не ўцячэ ад цемры; парасткі ягоныя ссушыць полымя і павевам вуснаў сваіх пацягне яго.

Хай не давярае марнасьці аблудны, бо марнасьць будзе і платай яму.

Ня ў свой дзень ён сканае, і гольле ягонае ня будзе зелянець.

Скіне ён, як вінаградная лаза, недасьпелую ягаду сваю і, як масьліна, атрасе цьвет свой.

Так апусьцее дом бязбожнага, і агонь зжарэ намёты ліхаемства.

Ён зачаў ліхое і нарадзіў няпраўду, і нутроба ягоная рыхтуе падман.