Кніга Ёва, разьдзел 17

Дыханьне маё аслабла; дні мае згасаюць; магілы перад мною.

Калі б не пакепнікі іхнія, дык і ў спрэчках іхніх вока маё заставалася б спакойнае.

Заступіся, паручыся Сам за мяне прад Сабою! інакш хто паручыцца за мяне?

Бо Ты зачыніў сэрца іхняе ад разуменьня, і таму не даеш перамагчы ім.

Хто асуджае сяброў сваіх на здабычу, у дзяцей таго вочы растануць.

Ён зрабіў мяне прыпавесьцю ў народа і пасьмешышчам у яго.

Замглілася ад гароты вока маё, і ўсе чэлесы мае, як цень.

Моцна зьдзівяцца з гэтага праведныя, і невінаваты абурыцца з крывадушніка.

Але праведны будзе моцна трымацца шляху свайго, і чысты рукамі будзе болей і болей мацавацца.

Выступайце, усе вы, і падыдзеце; не знайду я мудрага сярод вас.

Дні мае прайшлі; думы мае - здабытак сэрца майго - разьбітыя.

А яны ноч хочуць ператварыць у дзень, сьвятло наблізіць да твару цемры.

Калі б я і пачаў чакаць, дык апраметная дом мой; у цемры пасьцялю я пасьцель сваю;

магіле скажу: ты за бацьку мне, чарвяку: ты маці мая і сястра мая.

Дзе ж пасьля гэтага надзея мая? і чаканае мною хто пабачыць?

У апраметную сыдзе яна і будзе спачываць са мною ў пыле.