Кніга Ёва, разьдзел 18

І адказваў Валдад Саўхэянін і сказаў:

калі ж пакладзяце вы канец такім гаворкам? абдумайце і пасьля будзем гаварыць.

Навошта лічыцца нам жывёламі і быць прыніжанымі ў вачах вашых?

О ты, хто разьдзірае душу тваю ў гневе тваім? Няўжо дзеля цябе апусьцець зямлі, і скале зрушыцца зь месца свайго?

Так, сьвятло ў беззаконнага патухне, і не застанецца іскры ад агню ягонага.

Зацьміцца сьвятло ў намёце ягоным, і сьвяцільня ягоная патухне над ім.

Скароцяцца крокі магутнасьці ягонай, і скіне яго ўласны намысел ягоны,

бо ён улезе ў сетку сваімі нагамі і па нератах хадзіць будзе.

Пятля зашмаргне нагу ягоную, і грабежнік зловіць яго.

Непрыкметна раскладзены на зямлі сілкі на яго і пасткі на дарозе.

З усіх бакоў будуць палохаць яго жахі і прымушаць яго кідацца туды і сюды.

Зьмізарнее ад голаду сіла яго, і пагібель гатовая збоку ў яго.

Зьесьць чэлесы цела ягонага, зьесьць чэлесы ягоныя першынец сьмерці.

Выгнана будзе з намёта ягонага надзея ягоная, і гэта апусьціць яго да цара жахаў.

Паселяцца ў намёце ягоным, бо ён ужо не ягоны; жытло ягонае будзе пасыпана серкаю.

Зьнізу падсохнуць карані ягоныя, і зьверху завянуць галіны ягоныя.

Памяць пра яго зьнікне зь зямлі, і імя ягонага ня будзе на плошчы.

Прагоняць яго зь сьвятла ў цемру і сатруць яго з улоньня зямлі.

Ні сына ягонага, ні ўнука ня будзе ў народзе ягоным, і нікога не застанецца ў сялібах ягоных.

Днём ягоным зжахнуцца нашчадкі, і сучаснікі будуць агорнуты трымценьнем.

Такія жытлішчы ў беззаконнага, і такое месца ў таго, хто ня ведае Бога.