Кніга Ёва, разьдзел 22

І адказваў Таманіцянін і сказаў:

хіба можа чалавек рабіць карысьць Богу? Разумны робіць карысьць сабе самому.

Якая прыемнасьць Усеўладнаму з таго, што ты праведны? І ці будзе Яму выгода з таго, што ты трымаеш дарогі твае ў беззаганнасьці?

Няўжо Ён, баючыся цябе, уступіць з табою ў спаборніцтва, пойдзе судзіцца з табою?

Праўда, злосьць твая вялікая, і беззаконьням тваім няма краю.

Праўда, ты браў заклад у братоў тваіх ні за што і з паўголых здымаў вопратку.

Стомленаму смагаю не падаваў вады напіцца і галоднаму адмаўляўся даць хлеба;

а чалавеку дужаму ты даваў зямлю, і заможны сяліўся на ёй.

Удоваў ты адсылаў ні з чым і сіротаў пакідаў з пустымі рукамі.

За тое вакол цябе петлі, і скалануў цябе нечаканы жах,

альбо цемра, у якой ты нічога ня бачыш, і мноства водаў пакрыла цябе.

Ці ня вышэй за нябёсы Бог? паглядзі ўгору на зоркі, як яны высока!

І ты кажаш: што ведае Бог? ці можа Ён судзіць праз цемру?

Хмары - заслона Ягоная, так што Ён ня бачыць, а ходзіць толькі па нябесным коле.

Няўжо ты трымаешся шляху старажытных, па якім ішлі людзі беззаконныя,

якія раней часу былі зьнішчаны, калі вада разлілася пад аснову іхнюю?

Яны казалі: адыдзі ад нас! І што зрабіў ім Усеўладны?

А Ён напаўняў дамы іхнія дабром. Але рада бязбожных будзь далёка ад мяне!

Бачылі праведнікі і радаваліся, і беззаганны сьмяяўся зь яго:

вораг наш зьнішчаны, а што засталося пасьля іх, тое пажэр агонь.

Зблізіся ж зь Ім - і будзеш спакойны: праз гэта прыйдзе да цябе дабро.

Прымі з вуснаў Ягоных закон і пакладзі слова Ягонае ў сэрца тваё.

Калі ты зьвернешся да Ўсеўладнага, дык зноў уладзішся, адвядзеш беззаконьне ад намёта твайго

і будзеш кідаць у пыл бліскучы метал, і ў каменьне патокаў - золата Афірскае.

І будзе Ўсеўладны тваім золатам і бліскучым срэбрам у цябе,

бо тады будзеш радавацца ва Ўсеўладным і падымеш да Бога аблічча тваё.

Памолішся Яму, і Ён пачуе цябе, і ты выканаеш абяцаньні твае.

Замысьліш намер, і ён зьдзейсьніцца ў цябе, над дарогамі тваімі будзе зьзяць сьвятло.

Калі хто зьнішчаны будзе, ты скажаш: узвышэньне! і Ён уратуе таго, хто панік абліччам,

выбавіць і небязьвіннага, і ён выратуецца чысьцінёю рук тваіх.