Кніга Ёва, разьдзел 29

І гаварыў далей Ёў слова сваё і сказаў:

о, калі б я быў, як у ранейшыя месяцы, як у тыя дні, калі Бог асланяў мяне,

калі сьвяцільня Ягоная сьвяціла над галавою маёю, і я пры сьвятле Ягоным хадзіў у цемры;

як быў я ў дні маладосьці маёй, калі ласка Божая была над намётам маім,

калі яшчэ ўсеўладны быў са мною, і дзеці мае вакол мяне,

калі шляхі мае абмываліся малаком і скала крынічыла мне ручаі алею!

Калі я выходзіў да брамы горада і на плошчы ставіў седзішча сваё,

хлопцы, убачыўшы мяне, хаваліся, а старыя ўставалі і стаялі;

князі ўстрымліваліся ад прамовы і пальцы клалі на вусны свае;

голас знакамітых змаўкаў, і язык у іх прыліпаў да паднябеньня іхняга.

Вуха, якое чула мяне, улешчвала мяне; вока, якое бачыла, хваліла мяне,

бо я ратаваў пакутніка, які енчыў, і сірату бездапаможнага.

Дабраславеньне таго, хто гінуў, прыходзіла на мяне, і сэрцу ўдавы прыносіў я радасьць.

Я апрануўся ў праўду, і суд мой апранаў мяне як мантыя і турбан.

Я быў вачыма сьляпому і нагамі кульгаваму;

бацькам быў я ўбогім і цяжбіну, якое я ня ведаў, разьбіраў уважліва.

Крышыў я беззаконнаму сківіцы і з зубоў ягоных вырываў крадзенае.

І казаў я: у гнязьдзе маім сканаю, і дзён маіх будзе многа, як пяску;

корань мой адкрыты вадзе, і раса начуе на вецьці маім;

слава мая ня старыцца, лук мой моцны ў руцэ маёй.

Уважалі мне і чакалі, і маўчалі пры радзе маёй.

Пасьля слоў маіх ужо не разважалі; мова мая капала на іх.

Чакалі мяне, як дажджу, і, як дажджу позьняму, разьзяўлялі вусны свае.

Бывала, усьміхнуся ім, - яны ня вераць; і сьвятла твару майго яны не азмрочвалі.

Я назначаў шляхі ім і сядзеў на чале і жыў як цар у коле вояў, як суцешнік заплаканых.