Кніга Ёва, разьдзел 37

І ад гэтага дрыжыць сэрца маё і зрушылася зь месца свайго.

Слухайце, слухайце голас Яго і гром з вуснаў Ягоных.

Пад усім небам раскаты Ягоныя, і бляск Ягоны - да краёў.

За ім грыміць голас; грыміць Ён голасам велічы Сваёй і ня спыняе яго, калі голас Ягоны пачуты.

Даўно грыміць Бог голасам Сваім, чыніць дзеі вялікія, нам не спасьцігальныя.

Бо сьнегу Ён кажа: будзь на зямлі; гэтак сама дробны дождж і вялікі дождж у Ягонай уладзе.

Ён кладзе пячатку на руку кожнаму чалавеку, каб усе людзі ведалі дзею Яго.

Тады зьвер сыходзіць у сховішча і застаецца ў сваіх логавах.

З поўдня прыходзіць бура, а з поўначы - сьцюжа.

Ад павеву Божага паходзіць лёд, і паверхня вады сьціскаецца.

Гэтак сама вільгацьцю напаўняе Ён хмары, і воблакі сеюць сьвятло Ягонае,

і яны кіруюцца паводле намераў Ягоных, каб выканаць тое, што Ён загадае ім на ўлоньні населенай зямлі.

Ён загадвае ім ісьці альбо дзеля пакараньня, альбо ў дабраволеньне, альбо дзеля памілаваньня.

Слухай гэтага, Ёў; стой і разумей дзівосныя дзеі Божыя.

Ці ведаеш, як Бог кіруе імі і загадвае сьвятлу зьзяць з воблака Свайго?

Ці разумееш раўнавагу воблакаў, дзівосную дзею Найдасканалейшага ў веданьні?

Як награваецца твая вопратка, калі Ён супакойвае зямлю з поўдня?

Ці ж ты зь Ім распасьцёр нябёсы, цьвёрдыя, як літае люстра?

Навучы нас, што сказаць Яму? Мы ў гэтай цемры нічога ня можам ведаць.

Ці будзе абвешчана Яму, што я кажу? Ці сказаў хто, што сказанае даносіцца Яму?

Цяпер ня бачна яркага сьвятла ў воблаках, але праляціць вецер і расчысьціць іх.

Сьветлае надворэе прыходзіць з поўначы, і вакол Бога страшэнная прыгажосьць.

Усеўладца! мы не дасягаем Яго. Ён вялікі сілаю і поўніцаю правасудзьдзя. Ён ні на кога не гняце.

Таму хай багавеюць прад Ім людзі, і хай дрыжаць прад Ім усе мудрыя сэрцам!