Кніга прарока Ёны, разьдзел 2

І загадаў Гасподзь вялікаму кіту праглынуць Ёну; і быў Ёна ў чэраве гэтага кіта тры дні і тры ночы.

І памаліўся Ёна Госпаду Богу свайму з чэрава кіта

і сказаў: «да Госпада заклікаў я ў смутку маім, - і Ён пачуў мяне; з чэрава апраметнай я загаласіў, - і Ты пачуў голас мой.

Ты ўкінуў мяне ў глыбіню, у сэрца мора, і патокі акружылі мяне, усе воды Твае і хвалі Твае праходзілі над мною.

І я сказаў: адкінуты я ад вачэй Тваіх, аднак я зноў убачу сьвяты храм Твой.

Абнялі мяне воды да душы маёй, бездань замкнула мяне; марскою травою абвіта была галава мая.

Да асновы гор я сышоў, зямля сваімі замкамі навек загарадзіла мяне; але Ты, Госпадзе Божа мой, душу маю выведзеш зь пекла.

Калі зьнемагла ўва мне душа мая, я ўспомніў пра Госпада, і малітва мая дайшла да Цябе, да храма сьвятога Твайго.

Пашаноўцы марных і фальшывых божышчаў пакінулі Мілажальнага свайго,

а я голасам хвалы прынясу Табе ахвяру; што абяцаў, выканаю. У Госпада выратаваньне!»

І сказаў Гасподзь кіту, і ён выкінуў Ёну на сушу.