Кніга Ісуса Навіна, разьдзел 4

Калі ўвесь народ перайшоў празь Ярдан, Гасподзь сказаў Ісусу:

вазьмеце сабе з народу дванаццаць чалавек, па адным чалавеку з племя,

і дайце ім загад і скажэце: вазьмеце сабе адсюль, зь сярэдзіны Ярдана, дзе стаялі ногі сьвятароў нерухома, дванаццаць камянёў, і перанясеце іх з сабою, і пакладзеце іх на начлезе, дзе начавацьмеце гэтай ночы.

Ісус заклікаў дванаццаць чалавек, якіх назначыў з сыноў Ізраілевых, па адным чалавеку з племя,

І сказаў ім Ісус: ідзеце перад каўчэгам Госпада Бога вашага ў сярэдзіну Ярдана і пакладзеце на плячо сваё кожны па адным камені, па ліку плямёнаў сыноў Ізраілевых,

каб яны былі ў вас знакам; калі спытаюцца ў вас у будучым сыны вашыя і скажуць: «навошта ў вас гэтыя камяні?»

вы скажаце ім: «у памяць таго, што вада Ярдана падзялілася перад каўчэгам запавета Госпада; калі ён пераходзіў празь Ярдан, тады вада Ярдана падзялілася»; такім чынам камяні гэтыя будуць сынам Ізраілевым помнікам навекі.

І зрабілі сыны Ізраілевыя так, як загадаў Ісус: узялі дванаццаць камянёў зь Ярдана, як казаў Гасподзь Ісусу, па ліку плямёнаў сыноў Ізраілевых, і перанесьлі іх з сабою на начлег, і паклалі іх там.

І дванаццаць камянёў паставіў Ісус сярод Ярдана на месцы, дзе стаялі ногі сьвятароў, якія несьлі каўчэг запавета. Яны там і да сёньня.

Сьвятары, якія несьлі каўчэг запавета Гасподняга, стаялі сярод Ярдана, пакуль не закончана было ўсё, што Гасподзь загадаў народу - так, як наказваў Майсей Ісусу; а народ тым часам сьпешна пераходзіў.

Калі ўвесь народ перайшоў, тады перайшоў і каўчэг запавета Гасподняга, і сьвятары перад народам;

і сыны Рувіма і Гада і палавіна племя Манасіінага перайшлі ўзброеныя паперадзе сыноў Ізраілевых, як ім казаў Майсей.

Каля сарака тысяч узброеных на бітву перайшло перад Госпадам на раўніны Ерыхонскія, каб біцца.

У той дзень праславіў Гасподзь Ісуса на вачах ва ўсяго Ізраіля, і пачалі баяцца яго, як баяліся Майсея ва ўсе дні жыцьця ягонага.

І сказаў Гасподзь Ісусу, кажучы:

загадай сьвятарам, якія нясуць каўчэг сьведчаньня, выйсьці зь Ярдана.

Ісус загадаў сьвятарам і сказаў: выйдзіце зь Ярдана.

І калі сьвятары, якія несьлі каўчэг запавета Гасподняга, выйшлі зь Ярдана, дык, як толькі ступакі ног іхніх крануліся сухога, вада Ярдана памкнулася па сваім месцы і пайшла, як учора і заўчора, паверх усіх берагоў сваіх,

І выйшаў народ зь Ярдана на дзясятым дні першага месяца і атабарыўся ў Галгале, на ўсходнім баку Ерыхона.

І дванаццаць камянёў, якія ўзялі яны зь Ярдана, Ісус паставіў у Галгале

і сказаў сынам Ізраілевым: калі спытаюцца ў будучым сыны вашыя ў бацькоў сваіх: «што азначаюць гэтыя камяні?»,

скажэце сынам вашым: «Ізраіль перайшоў празь Ярдан гэты па сухім»;

бо Гасподзь Бог ваш высушыў воды Ярдана дзеля вас, пакуль вы не перайшлі яго, гэтак сама, як Гасподзь Бог ваш зрабіў з Чэрмным морам, якое высушыў перад намі, пакуль мы не перайшлі яго,

каб усе народы зямлі даведаліся, што рука Гасподняя моцная, і каб вы баяліся Госпада Бога вашага ва ўсе дні.