Кніга Ісуса Навіна, разьдзел 8

Гасподзь сказаў Ісусу: ня бойся і не жахайся; вазьмі з сабою ўвесь народ, здольны ваяваць, і ўстаўшы, ідзі да Гаю; вось, Я аддаю ў рукі твае цара Гайскага і народ ягоны, і горад і зямлю ягоную;

і зрабі з Гаем і царом ягоным тое самае, што зрабіў ты зь Ерыхонам і царом ягоным, толькі здабычу яго і быдла ягонае падзялеце сабе. Зрабі засаду за горадам.

Ісус і ўвесь народ, здольны ваяваць, устаў, каб ісьці да Гаю, і выбраў Ісус трыццаць тысяч чалавек адважных і паслаў іх уначы,

і даў ім загад і сказаў: глядзеце, вы будзеце ў засадзе за горадам; не адыходзьцеся далёка ад горада і будзьце ўвесь час напагатове;

а я і ўвесь народ, які са мною, пойдзем да горада; і калі выступяць супроць нас, як і раней, дык мы пабяжым ад іх;

яны памкнуцца за намі, так што мы адвядзем іх ад горада; бо яны скажуць: «уцякаюць ад нас, як і раней»; калі мы пабяжым ад іх,

тады вы ўстаньце з засады і завалодайце горадам, і Гасподзь Бог ваш аддасьць яго ў рукі вашыя;

калі возьмеце горад, запалеце горад агнём, паводле слова Гасподняга зрабеце; глядзеце, я загадваю вам.

Такім чынам паслаў іх Ісус, і яны пайшлі ў засаду і заселі паміж Вэтылем і Гаем, з заходняга боку Гая; а Ісус тае ночы начаваў сярод народу.

Устаўшы рана раніцай, Ісус агледзеў народ, і пайшоў ён і старэйшыны Ізраілевыя паперадзе народу да Гая;

і ўвесь народ, здольны ваяваць, які быў зь ім, пайшоў, наблізіўся і падышоў да горада,

і паставіў табар з паўночнага боку Гая, а паміж ім і Гаем была даліна; потым узяў ён каля тысяч чалавек і пасадзіў іх у засадзе паміж Вэтылем і Гаем, з заходняга боку горада.

І народ разьмясьціў увесь табар, які быў з паўночнага боку горада, так што заходняя частка была з заходняга боку горада. І прыйшоў Ісус у тую ноч на сярэдзіну даліны.

Калі ўбачыў гэта цар Гайскі, адразу з жыхарамі горада, устаўшы рана, выступіў супроць Ізраіля на бітву, ён і ўвесь народ ягоны, на назначанае месца перад раўнінаю; а ён ня ведаў, што на яго ёсьць засада за горадам.

Ісус і ўвесь Ізраіль, нібыта разьбітыя ім, пабеглі да пустыні;

а яны клікнулі ўвесь народ, які быў у горадзе, каб гнаць іх і, гонячы Ісуса, аддаліліся ад горада;

у Гаі і ў Вэтылі не засталося ніводнага чалавека, які не пагнаўся б за Ізраілем; і горад свой яны пакінулі адчынены, гонячы Ізраіля.

Тады Гасподзь сказаў Ісусу: падымі дзіду, якая ў руцэ тваёй, на Гай, бо Я аддам яго ў рукі твае. Ісус падняў дзіду ў руцэ ягонай на горад.

Як толькі ён падняў руку сваю, засаднікі адразу ўсталі зь месца свайго і пабеглі, увайшлі ў горад і ўзялі яго і адразу запалілі горад агнём.

Жыхары Гая, азірнуўшыся, убачылі, што дым з горада падымаецца да неба. І ня было ім месца, куды бегчы - ні туды, ні сюды; бо народ, які бег да пустыні, павярнуўся на перасьледнікаў.

Ісус і ўвесь Ізраіль, убачыўшы, што засаднікі ўзялі горад, падымаўся дым ад горада, павярнуліся і пачалі біць жыхароў Гая;

а тыя з горада выйшлі насустрач ім, так што Гайцы былі ўсярэдзіне паміж Ізраільцянамі, адны зь якіх былі з таго боку, а другія з другога; так білі іх, што не пакінулі ніводнага зь іх ацалелага альбо беглага;

А цара Гайскага ўзялі жывога і прывялі яго да Ісуса.

Калі Ізраільцяне перабілі ўсіх жыхароў Гая на полі, у пустыні, куды яны гналі іх, і калі ўсе яны да апошняга палеглі ад меча, тады ўсе Ізраільцяне вярнуліся да Гая і пабілі яго вастрыём меча.

Загінуўшых у той дзень мужчын і жанчын, усіх жыхароў Гая, было дванаццаць тысяч.

Ісус не апускаў рукі сваёй, якую падняў зь дзідай, пакуль не аддаў заклёну ўсіх жыхароў Гая;

толькі быдла і задбычу горада гэтага Ізраільцяне падзялілі паміж сабою, паводле слова Госпада, якое сказаў Ісусу.

І спаліў Ісус Гай і абярнуў яго ў вечныя руіны, у пустыню, да сёньня;

а цара Гайскага павесіў на дрэве да вечара; а пасьля заходу сонца загадаў Ісус, і зьнялі труп яго з дрэва, і кінулі каля брамы гарадское, і накідалі над ім крушню каменьня, якая захавалася да сёньня.

Тады Ісус зладзіў ахвярнік Госпаду Богу Ізраілеваму на гары Гевал,

як наказаў Майсей, раб Гасподні, сынам Ізраілевым, пра што напісана ў кнізе закону Майсеевага, - ахвярнік з камянёў суцэльных, на якія не падымалі жалеза; і прынесьлі на ім цэласпаленьне Госпаду, і ўчынілі ахвяры мірныя.

І напісаў Ісус на камянях там сьпіс з закона Майсеевага, які ён напісаў перад сынамі Ізраілевымі.

Увесь Ізраіль, старэйшыны яго і наглядчыкі і судзьдзі ягоныя, сталі з таго і другога боку каўчэга насупраць сьвятароў лявітаў, якія носяць каўчэг запавета Гасподняга, як прыхадні, так і прыродныя жыхары, адна палавіна іх каля гары Гарызім, а другая палавіна каля гары Гевал, як раней загадаў Майсей, раб Гасподні, дабраслаўляць народ Ізраілеў:

І потым прачытаў усе словы закона, дабраславеньне і праклён, як напісана ў кнізе закона;

з усяго, што Майсей наказаў, ня было ніводнага слова, якога Ісус не прачытаў бы перад усім сходам Ізраіля і жанчынамі, і дзецьмі і прыхаднямі, якія былі сярод іх.