Кніга Ісуса Навіна, разьдзел 9

Калі дачуліся пра гэта цары, якія жылі за Ярданам, на гары і на раўніне і па ўсім беразе вялікага мора блізь Лівана, Хэтэі, Амарэі, Хананэі, Фэрэзэі, Эвэі і Евусэі,

сабраліся разам, каб супольна ваяваць зь Ісусам і Ізраілем.

Але жыхары Гаваона, даведаўшыся, што Ісус зрабіў зь Ерыхонам і Гаем,

пайшлі на хітрасьць: запасьліся хлебам на дарогу і паклалі старыя мяхі на аслоў сваіх і старыя, падраныя і залатаныя мяхі віна;

і абутак на нагах у іх быў стары, з латкамі, і вопратка на іх старая; і ўвесь дарожны хлеб у іх быў чэрствы і зацьвілы.

Яны прыйшлі да Ісуса ў табар у Галгал і сказалі яму і ўсім Ізраільцянам: з даволі далёкай зямлі прыйшлі мы; дык вось, пастанавеце з намі спрымірэнства.

А Ізраільцяне сказалі Эвэям: можа, вы жывяце недалёка ад нас? як нам заключыць з вамі спрымірэнства?

Яны сказалі Ісусу: мы рабы твае. А Ісус сказаў ім: хто вы і адкуль прыйшлі?

Яны сказалі яму: з даволі далёкай краіны прыйшлі рабы твае ў імя Госпада Бога твайго; бо мы чулі пра славу Ягоную і пра ўсё, што зрабіў Ён у Егіпце,

і пра ўсё, што Ён зрабіў двум царам Амарэйскім, якія па той бок Ярдана, Сігону, цару сэвонскаму, і Огу, цару Васанскаму, які ў Астароце.

Старэйшыны нашыя і ўсе жыхары нашай зямлі сказалі нам: вазьмеце ў рукі вашыя хлеба на дарогу і ідзеце насустрач ім і скажэце ім: «мы рабы вашыя; і гэтак пастанавеце з намі спрымірэнства».

Гэты хлеб наш з дамоў нашых мы ўзялі цёплы ў той дзень, як выправіліся да вас, а цяпер вось, ён зрабіўся сухі і цьвілы;

і гэтыя мяхі зь віном, якія мы налілі новыя, вось, падраліся; і гэтая вопратка наша і абутак наш знасіліся ад даволі далёкай дарогі.

Ізраільцяне ўзялі іхняга хлеба, а ў Госпада ня спыталіся.

І пастанавіў Ісус зь імі мір і паклаў зь імі ўмову пра тое, што ён захавае ім жыцьцё; і прысягнулі ім правадыры супольства.

А праз тры дні, як спрымірыліся яны зь імі, даведаліся, што яны суседзі іхнія і жывуць паблізу ад іх;

бо сыны Ізраілевыя, выправіўшыся ў дарогу, прыйшлі ў горад іхні на трэці дзень; а гарады іхнія: Гаваон, Кефіра, Бээрот і Кірыят-Ярым.

Сыны Ізраілевыя не пабілі іх, бо правадыры супольства прысягнуліся ім Госпадам Богам Ізраілевым. За ўсё гэта супольства пачало наракаць на правадыроў.

Усе правадыры сказалі ўсяму супольству: мы прысягалі ім Госпадам Богам Ізраілевым і таму ня можам чапаць іх;

а вось што зь імі зробім: пакінем іх жывых, каб не паўстаў на нас гнеў за прысягу, якою мы запрысянуліся ім.

І сказалі ім правадыры: няхай яны жывуць, але будуць сячы дровы і чэрпаць ваду на ўсё супольства, як сказалі ім правадыры.

Ісус паклікаў іх і сказаў: навошта вы ашукалі нас, сказаўшы: «мы даволі далёка ад вас», тым часам як вы жывяце блізка ад нас?

за гэта праклятыя вы! бясконца вы будзеце рабамі, будзеце сячы дровы і чэрпаць ваду дому Бога майго!

Яны ў адказ Ісусу сказалі: дайшло да ведама рабоў тваіх, што Гасподзь Бог твой загадаў Майсею, рабу Свайму, даць вам усю зямлю і загубіць усіх жыхароў гэтай зямлі перад абліччам вашым; таму мы вельмі баяліся, каб вы не пазбавілі нас жыцьця, і зрабілі гэта;

Цяпер вось мы ў руцэ тваёй. Як лепей і справядлівей пакажацца зрабіць з намі, так і зрабі.

І зрабіў зь імі так: забраў іх з рук сыноў Ізраілевых, і тыя не забілі іх;

і вырашыў таго ж дня Ісус, каб яны секлі дровы і чэрпалі ваду ўсяму супольству і для ахвярніка Гасподняга; трывае гэта аж да сёньня, у мясьціне, якую выбраў.