Плач Ераміі, разьдзел 3

Я чалавек, які зьведаў гора ад жазла Твайго гневу:

Ён павёў мяне і ўвёў у цемру, а не ў сьвятло.

Толькі супроць мяне Ён зьвяртае руку Сваю кожнага дня;

выснажыў плоць маю і скуру маю, паламаў мае косьці;

абгарадзіў мяне і абклаў горыччу і цяготаю;

пасадзіў мяне ў цёмнае месца, як даўно памерлых;

акружыў мяне мурам, каб я ня выйшаў, уцяжыў аковы мае,

і хоць я клічу і енчу, нячулы Ён да малітвы маёй;

крушнямі загарадзіў мне дарогі, скрывіў сьцежкі мае.

Ён мне стаўся як бы мядзьведзь у засадзе, як бы леў у патайным месцы;

скрывіў дарогі мае і разарваў мяне, у нівеч абярнуў мяне;

напяў лук Свой і паставіў мяне як бы цэлем пад стрэлы;

паслаў у ныркі мае стрэлы з калчана Свайго.

Я зрабіўся пасьмешышчам усяму народу майму, штодзённаю скрушлівай песняй яго.

Ён насыціў мяне горыччу, напаіў мяне палыном;

скрышыў камянямі зубы мае, пасыпаў мяне попелам.

І адышоў спакой ад душы маёй; я забыўся пра шчасныя дні,

і сказаў я: загінула сіла мая і надзея мая на Госпада.

Падумай пра цярпеньні мае, пра гароту маю, пра жоўць і палын.

Цвёрда памятае гэта душа мая і ападае ўва мне.

Вось, што я адказваю сэрцу майму і таму спадзяюся:

зь міласьці Госпада мы ня зьніклі, бо ня вычарпаўся Яго мілажаль:

ён абнаўляецца кожнае раніцы; вялікая вернасьць Твая!

Гасподзь частка мая, кажа душа мая, спадзявацьмуся ж на Яго.

Добры Гасподзь з тымі, што на Яго спадзяюцца, з душою, якая шукае Яго.

Добра таму, хто цярпліва чакае ратунку ад Госпада.

Добра чалавеку, калі ён нясе ярмо ў маладосьці сваёй;

сядзіць адасоблена і маўчыць, бо Ён ярмо наклаў на яго;

кладзе вусны свае ў пыл, думаючы: «магчыма, яшчэ ёсьць надзея»;

падстаўляе шчаку сваю таму, хто яго б'е, здавальняецца ганьбаваньнем,

бо не навек пакідае Гасподзь.

Але паслаў гора, і ўмілажаліцца зь вялікай даброці Сваёй.

Бо Ён не па волі сэрца Свайго карае і засмучае сыноў чалавечых.

Але калі топчуць нагамі сваімі ўсіх вязьняў зямлі,

калі несправядліва судзяць чалавека перад абліччам Усявышняга,

калі чалавека ўціскаюць у дзеях ягоных: хіба ня бачыць Гасподзь?

Хто гэта кажа: «І тое бывае, чаму Гасподзь не загадаў быць»?

Ці не ад вуснаў Усявышняга адбываецца бедства і посьпех?

Навошта наракае чалавек жывы? кожны хай наракае на грахі свае.

Выпрабуем і дасьледуем шляхі свае, і зьвернемся да Госпада.

Узьнясём сэрца наша і рукі да Бога, сутнага на нябёсах:

мы адпалі і ўпарціліся; Ты ня зьлітаваўся:

Ты пакрыў Сябе гневам і перасьледаваў нас, забіваў, не шкадуючы;

Ты засланіў сябе хмарай, каб не даходзіла наша малітва;

сьмецьцем і мярзотаю Ты зрабіў нас сярод народаў.

Разьзявілі на нас пашчу сваю ўсе ворагі нашы.

Жудасьць і яма, спусташэньне і разбурэньне - доля наша.

Патокі водаў вылівае вока маё па пагібелі дачкі народа майго.

Вока маё выліваецца і не перасыхае, бо палёгкі няма,

пакуль ня ўгледзіць і ня ўбачыць Гасподзь зь нябёсаў.

Вока маё засмучае душу маю дзеля ўсіх дочак майго горада.

Па ўсякаму сіліліся вылавіць мяне, як птушку, ворагі мае, бязь ніякай прычыны;

укінулі жыцьцё маё ў яму і закідалі мяне камянямі.

Воды падняліся да галавы маёй; я сказаў: «загінуў я».

Я заклікаў імя Тваё, Госпадзе, зь ямы глыбокай.

Ты чуў голас мой; не затулі Тваё вуха ад уздыханьня майго, ад енку майго!

Ты набліжаўся, калі я клікаў Цябе, і казаў: ня бойся!

Ты абараняў, Госпадзе, дзеі душы маёй; акупляў жыцьцё маё.

Ты бачыш, Госпадзе, крыўду маю; рассудзі справу маю.

Ты бачыш усю помсьлівасьць іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне;

Ты чуеш, Госпадзе, лаянку іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне,

словы тых, што паўстаюць на мяне, і іхнія хітраваньні супроць мяне дзень у дзень.

Паглядзі, ці сядзяць яны, а ці ўстаюць, я для іх - песьня.

Аддай ім, Госпадзе, паводле дзеяў рук іхніх;

пашлі ім памрочышча сэрца і пракляцьце Тваё на іх;

перасьледуй іх, Госпадзе, гневам тваім, і вынішчы іх з паднябеснай.