Лявіт, разьдзел 10

Надаў і Авіуд, сыны Ааронавыя, узялі кожны сваю кадзільніцу і паклалі ў іх агню, і паклалі ў яго дымленьняў, і прынесьлі прад Госпада агонь чужы, якога Ён не загадваў ім;

і выйшаў агонь ад Госпада і спаліў іх, і памерлі яны перад абліччам Гасподнім.

І сказаў Гасподзь Аарону: вось, пра што казаў Гасподзь, калі сказаў: у тых, што набліжаюцца да Мяне, асьвячуся і перад усім народам праслаўлюся. Аарон маўчаў.

І паклікаў Майсей Місаіла і Элцафана, сыноў Ізііла, дзядзькі Ааронавага, і сказаў ім: ідзеце, вынесьце братоў вашых са сьвяцілішча за табар.

І пайшлі і вынесьлі іх у хітонах іхніх за табар, як сказаў Майсей.

А Аарону і Элеазару і Ітамару, сынам ягоным, Майсей сказаў: галоваў вашых не агаляйце і вопраткі вашай не разьдзірайце, каб вам не памерці і не навесьці гневу на ўсё супольства; але браты вашыя, увесь дом Ізраілеў, могуць плакаць па спаленых, якіх спаліў Гасподзь,

і зь дзьвярэй скініі сходу ня выходзьце, каб не памерці вам, бо на вас алей памазаньня Гасподняга. І зрабілі паводле слова Майсея.

І сказаў Гасподзь Аарону, кажучы:

віна і моцных напояў ня пі і сыны твае з табою, калі ўваходзіце ў скінію сходу, каб не памерці; гэта вечная пастанова ў роды вашыя,

каб вы маглі адрозьніваць сьвяшчэннае ад несьвяшчэннага і нячыстае ад чыстага,

і вучыць сыноў Ізраілевых усім статутам, якія выказаў ім Гасподзь праз Майсея.

І сказаў Гасподзь Аарону і Элеазару і Ітамару, астатнім сынам ягоным: вазьмеце прынашэньне хлебнае, якое засталося ад ахвяраў Гасподніх, і ежце яго прэснае каля ахвярніка, бо гэта вялікая сьвятыня:

і ежце яго на сьвятым месцы, бо гэта дзялянка твая і дзялянка сыноў тваіх з ахвяраў Гасподніх: так мне загадана;

і грудзіну трасеньня і лапатку паднашэньня ежце на чыстым месцы, дзе і сыны твае і дочкі твае з табою, бо гэта дадзена ў дзялянку табе і ў дзялянку сынам тваім зь мірных ахвяраў сыноў Ізраілевых;

лапатку паднашэньня і грудзіну трасеньня павінны яны прыносіць з ахвярамі тлушчу, трасучы перад абліччам Гасподнім, і хай будзе гэта вечнай дзялянкай табе і сынам тваім з табою, як загадаў Гасподзь.

І казла ахвяры за грэх шукаў Майсей, і вось, ён спалены. І ўгневаўся на Элеазара і Ітамара, астатніх сыноў Ааронавых, і сказаў:

чаму вы ня елі ахвяры за грэх на сьвятым месцы? бо яна сьвятыня вялікая, і яна дадзена вам, каб здымаць грахі з супольства, і ачышчаць іх перад Госпадам:

вось, кроў яе ня ўнесена ў сьвяцілішча, і вы павінны былі есьці яе на сьвятым месцы, як загадана мне.

Аарон сказаў Майсею: вось, сёньня прынесьлі яны ахвяру сваю за грэх і цэласпаленьне сваё перад Госпадам, і гэта сталася са мною; калі я сёньня зьем ахвяру за грэх, ці будзе гэта заўгодна Госпаду?

І пачуў Майсей і ўхваліў.