Лявіт, разьдзел 17

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

абвясьці Аарону і сынам ягоным і ўсім сынам Ізраілевым і скажы ім: вось, што загадвае Гасподзь:

калі хто з дома Ізраілевага заколе цяля альбо авечку альбо казу ў табары, альбо калі хто заколе па-за табарам

і не прывядзе да ўваходу ў скінію сходу, каб явіць у ахвяру Госпаду перад селішчам Гасподнім, дык чалавеку таму залічана будзе кроў; ён праліў кроў, і зьнішчыцца чалавек той з народу свайго;

гэта дзеля таго, каб прыводзілі сыны Ізраілевыя ахвяры свае, якія яны колюць на полі, каб прыводзілі іх прад Госпадам да ўваходу ў скінію сходу, да сьвятара, і калолі іх Госпаду ў ахвяры мірныя;

і пакропіць сьвятар крывёю на ахвярнік Гасподні каля ўваходу ў скінію сходу і спаліць тлушч дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду,

каб яны наперад ня прыносілі ахвяраў сваіх ідалам, за якімі аблудна ходзяць яны. Гэта хай будзе ім пастановаю вечнаю ў роды іхнія.

Яшчэ скажы ім: калі хто з дому Ізраілевага і з прыхадняў, што жывуць сярод вас, прыносіць цэласпаленьне альбо ахвяру

і не прывядзе да ўваходу ў скінію сходу, каб учыніць яе Госпаду, дык зьнішчыцца той чалавек з народу свайго.

Калі хто з дому Ізраілевага і з прыхадняў, што жывуць сярод вас, будзе есьці якую-небудзь кроў, дык павярну аблічча Маё на душу таго, хто будзе есьці кроў, і зьнішчу яе з народу яе,

бо душа цела ў крыві, і прызначыў яе вам для ахвярніка, каб ачышчаць душы вашыя, бо кроў гэтая душу ачышчае;

таму Я і сказаў сынам Ізраілевым: ніводная душа з вас не павінна есьці крыві, і прыхадзень, які жыве сярод вас, не павінен есьці крыві.

Калі хто з сыноў Ізраілевых і з прыхадняў, што жывуць сярод вас, на ловах зловіць зьвера альбо птушку, якую можна есьці, дык ён павінен даць выцячы крыві яе і пакрыць яе зямлёю,

бо душа ўсякага цела ёсьць кроў ягоная, яна душа ягоная; таму Я сказаў сынам Ізраілевым: ня ежце крыві ні зь якога цела, бо душа ўсякага цела ёсьць кроў ягоная: кожны, хто будзе есьці яе, зьнішчыцца.

І кожны, хто будзе есьці мёртвае альбо разадранае зьверам, тубылец альбо прыхадзень, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара, а потым будзе чысты;

а калі ня вымые і не абмые цела свайго, дык панясе на сабе беззаконьне сваё.