Лявіт, разьдзел 19

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

абвясьці ўсяму супольству сыноў Ізраілевых і скажы ім: сьвятыя будзьце, бо сьвяты Я Гасподзь, Бог ваш.

Бойцеся кожны маці сваёй і бацькі свайго і суботы Мае шануйце. Я Гасподзь, Бог ваш.

Не зьвяртайцеся да ідалаў і багоў літых не рабеце сабе. Я Гасподзь, Бог ваш.

Калі будзеце прыносіць Госпаду ахвяру мірную, дык прыносьце яе, каб здабыць сабе ўпадабаньне:

у дзень ахвярапрынашэньня вашага і на другі дзень трэба есьці яе, а што засталася на трэці дзень, трэба спаліць на агні;

а калі хто пачне есьці яе на трэці дзень, гэта агідна, гэта ня будзе спажыўна;

хто пачне есьці яе, той панясе на сабе грэх, бо ён апаганіў сьвятыню Гасподнюю, і зьнішчыцца душа тая з народу свайго.

Калі будзеце жаць жніво на зямлі вашай, не дажынай да краю поля твайго, і астаткаў ад жніва твайго не падбірай,

і вінаградніка твайго не абірай дачыста, і апалых ягад у вінаградніку не падбірай; пакінь гэта беднаму і прыхадню. Я Гасподзь, Бог ваш.

Ня крадзьце, не манеце і не ашуквайце адзін аднаго.

Не прысягайце імем Маім у хлусьні, і не зьневажай імя Бога твайго. Я Гасподзь.

Ня крыўдзі блізкага твайго і не рабуй. Плата найміту не павінна заставацца ў цябе да раніцы.

Не ліхаслові глухога і перад сьляпым не кладзі нічога, каб спатыкнуўся ён; бойся Бога твайго. Я Гасподзь.

Не рабеце няпраўды на судзе; ня будзь дагодлівы ўбогаму і не дагаджай вялікаму; па праўдзе судзі блізкага твайго.

Не хадзі пераносчыкам ілжы ў народзе тваім і не паўставай на жыцьцё блізкага твайго. Я Гасподзь.

Не варагуй з братам тваім у сэрцы тваім; гавары шчыра зь блізкім тваім, інакш панясеш грэх за яго.

Ня помсьці і ня май намыслу на сыноў народу твайго, любі блізкага твайго, як самога сябе. Я Гасподзь.

Статуты Мае шануйце; быдла твайго ня зводзь зь іншаю пародаю; поля твайго не засявай двума родамі насеньня; у вопратку з рознародных нітак, з воўны і лёну, не апранайся.

Калі хто перасьпіць з жанчынаю, а яна рабыня, заручаная з мужам, але яшчэ ня выкупленая, альбо воля яшчэ ня дадзена ёй, дык трэба пакараць іх, але ня сьмерцю, бо яна ня вольная;

хай прывядзе ён Госпаду да ўваходу ў скінію сходу ахвяру павіннасьці, барана ў ахвяру за віну сваю;

і ачысьціць яго сьвятар бараном павіннасьці перад Госпадам ад грэху, якім ён зграшыў, і дараваны яму будзе грэх, якім ён зграшыў.

Калі прыйдзеце ў зямлю і пасадзіце якое-небудзь плоднае дрэва, дык плады яго лічэце за неабрэзаныя: тры гады трэба лічыць іх за неабрэзаныя, нельга есьці іх;

а на чацьвёрты год усе плады яго павінны быць прысьвечаны на сьвяткаваньні Гасподнія;

а на пяты год вы можаце есьці плады яго і зьбіраць сабе ўсе ўтворы яго. Я Гасподзь, Бог ваш.

Ня ежце з крывёю; не варажэце і не чаруйце.

Ня стрыжэце галавы вашай вакол, і ня псуй краёў барады тваёй.

Дзеля памерлага не рабеце нарэзаў на целе вашым і не наколвайце на сябе знакаў. Я Гасподзь.

Не апаганьвай дачкі тваёй, дапускаючы яе да распусты, каб не распусьнічала зямля, і не напоўнілася зямля распустаю.

Суботы Мае шануйце і сьвятыню Маю шануйце. Я Гасподзь.

Не зьвяртайцеся да закліначоў мёртвых, і да чарадзеяў не хадзеце, і не даводзьце сябе да апаганьваньня імі. Я Гасподзь, Бог ваш.

Перад абліччам сівога ўставай і шануй аблічча старца, і бойся Бога твайго. Я Гасподзь.

Калі паселіцца прыхадзень у зямлі вашай, ня ўціскайце яго:

прыхадзень, які пасяліўся ў вас, хай будзе вам тое самае, што і тубылец ваш; любі яго, як сябе; бо і вы былі прыхаднямі ў зямлі Егіпецкай. Я Гасподзь, Бог ваш.

Не рабеце няпраўды ў судзе, у меры, у вазе і ў вымярэньні:

хай будуць у вас вагі правільныя, эфа правільная і гін правільны. Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай.

Кіруйцеся ўсімі статутамі Маімі і выконвайце іх. Я Гасподзь.