Лявіт, разьдзел 21

І сказаў Гасподзь Майсею: абвясьці сьвятарам, сынам Ааронавым, і скажы ім: хай не апаганьваюць сябе дакрананьнем да памерлага з народу свайго,

толькі да блізкага сваяка свайго, да маці сваёй і да бацькі свайго, да сына свайго і дачкі сваёй, да брата свайго

і да сястры сваёй, дзяўчыны, што жыве пры ім і ня была замужам, можна яму дакранацца, не апаганьваючы сябе;

і дакрананьнем да каго б там ні было ў народзе сваім не павінен ён апаганьваць сябе, каб не зрабіцца нячыстым.

Яны не павінны галіць галавы сваёй і падстрыгаць краёў барады сваёй і рабіць нарэзы на целе сваім.

Яны павінны быць сьвятыя Богу свайму і не павінны зьневажаць імя Бога свайго; бо яны прыносяць ахвяры Госпаду, хлеб Богу свайму, і таму павінны быць сьвятыя.

Яны не павінны браць сабе за жонку распусьніцу і зьняслаўленую, не павінны браць і жонку, адкінутую мужам сваім, бо яны сьвятыя Богу свайму.

Сьвяці яго, бо ён прыносіць хлеб Богу твайму: хай будзе ён у цябе сьвяты, бо сьвяты Я Гасподзь, Які асьвячае вас.

Калі дачка сьвятара апаганіць сябе блудадзействам, дык яна бэсьціць бацьку свайго; агнём трэба спаліць яе.

А вялікі сьвятар з братоў сваіх, на галаву якога выліты алей памазаньня, і які асьвечаны, каб апранацца ў сьвяшчэнную вопратку, не павінен агаляць галавы сваёй і разьдзіраць вопратку сваю:

і да ніякага нябожчыка не павінен ён падыходзіць: нават дотыкам да нябожчыка бацькі свайго і маці сваёй ён не павінен апаганьваць сябе.

І ад сьвятыні ён не павінен адыходзіць і зьневажаць сьвятыню Бога свайго, бо асьвячэньне алеем памазаньня Бога яго на ім. Я Гасподзь.

За жонку ён павінен браць дзяўчыну:

удаву, альбо адкінутую, альбо зганьбаваную, блудадзейку не павінен ён браць, а дзяўчыну з народу свайго павінен ён браць за жонку:

ён не павінен ганьбіць семя сваё ў народзе сваім, бо Я Гасподзь, Які асьвячае яго.

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

скажы Аарону: ніхто зь семені твайго ва ўсе роды іхнія, у каго на целе будзе хіба, не павінен падыходзіць, каб прыносіць хлеб Богу свайму;

ніхто, у каго на целе ёсьць хіба, не павінен падыходзіць, ні сьляпы, ні кульгавы, ні кірпаты, ні з рэзаным вухам,

ні такі, у якога зламаная нага, альбо зламаная рука,

ні гарбаты, ні з сухім чэлесам, ні зь бяльмом на воку, ні кароставы, ні пархаты, ні з пашкоджанымі яйкамі;

ніводзін чалавек зь семені Аарона сьвятара, у якога на целе ёсьць хіба, не павінен падыходзіць, каб прыносіць ахвяры Госпаду; хібіна на ім, таму не павінен ён падыходзіць, каб прыносіць хлеб Богу свайму;

хлеб Бога свайго зь вялікіх сьвятыняў і са сьвятыняў ён можа есьці;

але да заслоны не павінен ён падыходзіць і да ахвярніка не павінен падступацца, бо пахіба на ім: не павінен ён няславіць сьвятыні Маёй, бо Я Гасподзь, Які асьвячае іх.

І абвясьціў гэта Майсей Аарону і сынам ягоным і ўсім сынам Ізраілевым.