Лявіт, разьдзел 22

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

скажы Аарону і сынам ягоным, каб яны асьцярожныя былі са сьвятынямі сыноў Ізраілевых і не зьневажалі сьвятога імя Майго ў тым, што яны прысьвячаюць Мне. Я Гасподзь.

Скажы ім: калі хто з нашчадкаў вашых у роды вашыя, маючы на сабе нячыстасьць, падступіцца да сьвятыняў, якія прысьвячаюць сыны Ізраілевыя Госпаду, дык зьнішчыцца душа тая ад аблічча Майго. Я Гасподзь.

Хто зь семя Ааронавага пракажоны, альбо мае цечыва, той не павінен есьці сьвятыняў, пакуль не ачысьціцца; і хто дакранецца да чаго-небудзь нячыстага ад мёртвага альбо ў каго здарыцца цеча семені,

альбо хто дакранецца да якога-небудзь гада, ад якога ён зробіцца нячысты, альбо да чалавека, ад якога ён зробіцца нячысты якой-колечы нячыстасьцю, -

той, дакрануўшыся да гэтага, нячысты будзе да вечара і не павінен есьці сьвятыняў раней, чым абмые цела сваё вадою;

але калі зойдзе сонца, і ён ачысьціцца, тады можа ён есьці сьвятыні, бо гэта ягоная ежа.

Здыхляціны і зьвераядзіны ён не павінен есьці, каб не апаганіцца гэтым. Я Гасподзь.

Хай шануюць яны загады Мае, каб не панесьці на сабе грэху і не памерці ў ім, калі парушаць гэта. Я Гасподзь, Які асьвячае іх.

Ніхто староньні ня можа есьці сьвятыні; той, хто пасяліўся ў сьвятара, і найміт не павінен есьці сьвятыні;

калі ж сьвятар купіць сабе чалавека за срэбра, дык гэты можа есьці яе; таксама і дамачадцы могуць есьці хлеб ягоны.

Калі дачка сьвятарова выйдзе замуж за староньняга, дык яна не павінна есьці прынесеных сьвятыняў;

а калі дачка сьвятаровая будзе ўдава, альбо разьведзеная, і дзяцей ня будзе ў яе, і вернецца ў дом бацькі свайго, як была ў маладосьці сваёй, тады яна можа есьці хлеб бацькі свайго; і ніхто староньні не павінен есьці яго.

Хто памылкова зьесьць што-колечы зь сьвятыні, той павінен аддаць сьвятару сьвятыню і дадаць да яе пятую долю яе.

Сьвятары самыя не павінны ганьбіць сьвятыні сыноў Ізраілевых, якія яны прыносяць Госпаду,

і не павінны наклікаць на сябе віну ў злачынстве, калі будуць есьці сьвятыні свае, бо Я Гасподзь, Які асьвячае іх.

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

абвясьці Аарону і сынам ягоным і ўсім сынам Ізраілевым і скажы ім: калі хто з дому Ізраілевага, альбо з прыхадняў сярод Ізраільцянаў, хай паводле абяцаньня якога, альбо з руплівасьці прыносіць ахвяру сваю, якую прыносяць Госпаду на цэласпаленьне,

дык, каб гэтым набыць упадабаньне ў Бога, ахвяра павінна быць без пахібы, мужчынскага полу, з буйнога быдла, з авечак і з коз.

Ніякай жывёліны, на якой ёсьць пахіба, ня прыносьце, бо гэта не здабудзе вам упадабаньня.

І калі хто прыносіць мірную ахвяру Госпаду, выконваючы абяцаньне, альбо з руплівасьці, з буйнога быдла альбо з дробнага, дык ахвяра павінна быць без пахібы, каб быць даспадобы Богу: ніякай пахібы не павінна быць на ёй;

жывёліны сьляпое, альбо пашкоджанай, альбо выродлівай, альбо хворай, альбо кароставай, альбо пархатай, такіх ня прыносьце Госпаду і ў ахвяру не давайце іх на ахвярнік Гасподні;

цяля і ягня з чэлесамі, непамерна доўгімі альбо кароткімі, у ахвяру руплівасьці прынесьці можаш; а калі паводле абяцаньня, дык гэта недаспадобы будзе Богу;

жывёліны, у якое яйкі раздушаныя, разьбітыя, адарваныя, альбо выразаныя, ня прыносьце Госпаду і ў зямлі вашай не рабеце гэтага;

і з рук іншаземцаў ня прыносьце дароў Богу вашаму, бо на іх ёсць хібіна, загана на іх: ня будуць яны прынятыя ад вас.

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

калі народзіцца цяля, альбо ягня, альбо казьляня, дык сем дзён яны павінны прабыць пры маці сваёй, а з восьмага дня і далей будзе спадобнае на прынясеньне ў ахвяру Госпаду;

але ні каровы, ні авечкі не калеце ў той самы дзень з прыплодам яе.

Калі прыносіце Госпаду ахвяру падзякі, дык прыносьце яе так, каб яна здабыла вам упадабаньне;

таго ж самага дня трэба зьесьці яе, не пакідайце яе да раніцы. Я Гасподзь.

І шануйце запаведзі Мае і выконвайце іх. Я Гасподзь.

Не зьневажайце сьвятога імя Майго, каб Я быў сьвяты сярод сыноў Ізраілевых. Я Гасподзь, які асьвячае вас,

Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб быць вашым Богам: Я Гасподзь.