Лявіт, разьдзел 9

На восьмы дзень паклікаў Майсей Аарона і сыноў ягоных і старэйшынаў Ізраілевых

і сказаў Аарону: вазьмі сабе з валоў цяля ў ахвяру за грэх і барана на цэласпаленьне, абодвух без пахібы, і пастаў прад аблічча Гасподняе;

і сынам Ізраілевым скажы: вазьмеце казла ў ахвяру за грэх, і цяля, і ягня, адналетак, без пахібы, на цэласпаленьне,

і вала і барана ў ахвяру мірную, каб учыніць ахвяраваньне перад абліччам Гасподнім, і прынашэньне хлебнае, зьмяшанае з алеем, бо сёньня Гасподзь явіцца вам.

І прынесьлі тое, што загадаў Майсей, да скініі сходу, і прыйшло ўсё супольства і стала перад абліччам Гасподнім.

І сказаў Майсей: вось, што загадаў Гасподзь зрабіць, і зьявіцца вам слава Гасподняя.

І сказаў Майсей Аарону: падыдзі да ахвярніка і ўчыні ахвяру тваю за грэх і цэласпаленьне тваё, і ачысьці сябе і народ, і зрабі прынашэньне ад народу, і ачысьці ім, як загадаў Гасподзь.

І падышоў Аарон да ахвярніка і закалоў цяля, якое за яго, у ахвяру за грэх:

сыны Аарона паднесьлі яму кроў, і ён памачыў палец свой у крыві і паклаў на рогі ахвярніка, а рэшту крыві выліў да падножжа ахвярніка;

а здор і ныркі і сальнік на печані ад ахвяры за грэх спаліў на ахвярніку, як загадаў Гасподзь Майсею;

а мяса і скуру спаліў на агні па-за табарам.

І закалоў цэласпаленьне, і сыны Аарона паднесьлі яму кроў; ён пакрапіў ёю на ахвярнік з усіх бакоў;

і прынесьлі яму цэласпаленьне ў кавалках і галаву, і ён спаліў на ахвярніку,

а вантробы і ногі абмыў і спаліў з цэласпаленьнем на ахвярніку.

І прынёс прынашэньне ад народу: і ўзяў ад народу казла за грэх, і закалоў яго, і прынёс яго ў ахвяру за грэх, як і першага.

І прынёс цэласпаленьне і ўчыніў яго паводле статуту.

І прынёс прынашэньне хлебнае і напоўніў ім рукі свае, і спаліў на ахвярніку звыш ранішняга цэласпаленьня.

І закалоў вала і барана, якія ад народу, у ахвяру мірную; і сыны Аарона паднесьлі яму кроў, і ён пакрапіў ёю на ахвярнік з усіх бакоў;

паднесьлі і тлушч з вала, і з барана курдзюк, і здор, што на вантробах, і ныркі і сальнік на печані,

і паклалі: тлушч на грудзіну, і ён спаліў тлушч на ахвярніку;

а грудзіну і правы плячук прынёс Аарон, трасучы перад абліччам Гасподнім, як загадаў Майсей.

І падняў Аарон рукі свае, павярнуўшыся да людзей, і дабраславіў іх, і сышоў, учыніўшы ахвяру за грэх, цэласпаленьне і ахвяру мірную.

І ўвайшлі Майсей і Аарон у скінію сходу, і выйшлі, і дабраславілі народ. І зьявілася слава Гасподняя ўсяму народу:

і выйшаў агонь ад Госпада і спаліў на ахвярніку цэласпаленьня і тлушч; і бачыў увесь народ і ўсклікнуў з радасьці, і ўпаў на аблічча сваё.