Паводле Мацьвея сьвятое дабравесьце, разьдзел 8

Калі Ён сышоў з гары, за Ім сьледам пайшло мноства людзей.

І вось, падышоў пракажоны і, кланяючыся Яму, сказаў: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.

Ісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысьціся. І адразу ачысьціўся той ад праказы.

І кажа яму Ісус: глядзі, не кажы нікому; але ідзі, пакажыся сьвятару, і прынясі дар, аб якім загадаў Майсей, на сьведчаньне ім.

Калі ж увайшоў Ісус у Капернаум, падышоў да Яго сотнік і папрасіў у Яго:

Госпадзе! слуга мой ляжыць дома ў паралічы і моцна пакутуе,

Ісус кажа яму: Я прыйду і ацалю яго.

А сотнік сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; але скажы толькі слова, і выздаравее слуга мой;

бо і я чалавек падуладны; і, маючы ў сябе ў падначаленьні вояў, кажу аднаму: «ідзі», і прыходзіць; і слузе майму: «зрабі тое», і робіць.

Пачуўшы гэта, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам: і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры.

Кажу ж вам, што многія з усходу і з захаду прыйдуць і ўзьлягуць з Абрагамам, Ісаакам і Якавам у Царстве Нябесным;

а сыны царства будуць выкінуты ў цемру вонкавую, там будзе плач і скрыгат зубоў.

І сказаў Ісус сотніку: ідзі, і, як ты вераваў, хай будзе табе. І выздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну.

Прыйшоўшы ў дом Пятра, Ісус убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы,

і дакрануўся да рукі яе, і пакінула яе гарачка; і ўстала яна і слугавала ім.

Калі ж зьвечарэла, прывялі да Яго многа людзей, апанаваных дэманамі: і Ён выгнаў духаў словам і ўсіх нядужых ацаліў;

каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: «Ён узяў на Сябе нашы немачы, і хваробы панёс».

Калі ж Ісус убачыў вакол Сябе мноства люду, загадаў вучням адплысьці на той бок.

І адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.

І кажа яму Ісус: лісы маюць норы, і птушкі нябесныя гнёзды; а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць галаву.

А другі, з вучняў, сказаў Яму: Госпадзе, дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць майго бацьку.

Але Ісус сказаў яму: ідзі за Мною, і пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых.

І калі ўвайшоў Ён у лодку, увайшлі за Ім вучні Ягоныя.

І вось, бура вялікая сталася на моры, ажно лодку захліствалі хвалі; а Ён спаў.

І вучні Ягоныя, падышоўшы да Яго, разбудзілі Яго і сказалі: Госпадзе! ратуй нас, гінем.

І кажа ім: чаго вы спалохаліся, малаверы? Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і сталася ціша вялікая.

А людзі, дзівуючыся, казалі: хто Гэты, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?

І калі прыплыў Ён на другі бераг у краіну Гергесінскую, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магіл, двое апанаваных дэманамі, вельмі лютыя, так што ніхто ня мог праходзіць тою дарогаю.

І вось, яны закрычалі: што Табе да нас, Ісусе, Сыне Божы? прыйшоў Ты сюды дачасна мучыць нас.

А зводдаль ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней.

І дэманы прасіліся ў Яго: калі выганіш нас, дык пашлі нас у гурт сьвіней.

І Ён сказаў ім: ідзеце. І выйшлі яны, і пайшлі ў гурт сьвіней. І вось, кінуўся ўвесь гурт сьвіны з урвішча ў мора і загінуў у вадзе.

А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, і пра апанаваных дэманамі.

І вось, увесь горад выйшаў на сустрэчу Ісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад іх межаў.