Паводле Марка сьвятое дабравесьце, разьдзел 13

І калі выходзіў Ён з храма, кажа Яму адзін вучань Ягоны: Настаўнік! паглядзі, якія камяні і якія будынкі!

Ісус сказаў яму ў адказ: бачыш гэтыя вялікія будынкі? усё гэта будзе разбурана, так што не застанецца тут каменя на камені.

І калі Ён сядзеў на гары Аліўнай насупраць храма, пыталіся ў Яго асобна Пётр і Якаў, і Ян і Андрэй:

скажы нам, калі гэта будзе, і якая прыкмета, калі ўсё гэта павінна стацца?

Адказваючы ім, Ісус пачаў гаварыць: глядзеце, каб хто вас ня ўвёў у зман;

бо многія прыйдуць пад імем Маім, і будуць казаць, што гэта Я, і многіх увядуць у зман.

А як пачуеце пра войны і пра ваенныя чуткі, не жахайцеся: бо павінна тое быць: але гэта яшчэ не канец.

Бо паўстане народ на народ, і царства на царства; і будуць землятрусы па месцах, і будуць галады і смуты. Гэта пачатак хвароб.

Але вы зважайце на сябе: бо вас будуць выдаваць у судзілішчы, і біць у сынагогах, і перад валадарамі і царамі паставяць вас за Мяне, на сьведчаньне перад імі.

І ўсім народам наперад павінна быць абвешчана Дабравесьце.

Калі ж павядуць выдаваць вас, ня турбуйцеся загадзя, што вам сказаць, і не абдумвайце; а што дадзена будзе вам у тую часіну, тое і кажэце, бо ня вы будзеце гаварыць, а Дух Сьвяты.

І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька дзяцей; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб'юць іх.

І будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто перацерпіць да канца, уратуецца.

А калі ўгледзіце брыдоту спусташэньня, пра якую сказана праз прарока Данііла, якая паўстане, дзе ня трэба, - хто чытае, хай разумее, - тады хто будзе ў Юдэі, хай уцякаюць у горы;

а хто на даху, той ня сыходзь у дом і не ўваходзь узяць што-небудзь з дому свайго;

і хто ў полі, не вяртайся назад узяць вопратку сваю.

Гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні.

Малецеся, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою.

Бо ў тыя дні будзе такі смутак, якога ня было ад пачатку стварэньня, якое ўчыніў Бог, нават да сёньня, і ня будзе.

І калі б Гасподзь не скараціў тых дзён, дык не ўратавалася б ніякая плоць; але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скароціць тыя дні.

Тады, калі хто вам скажа: «вось, тут Хрыстосё, альбо: ёвунь, там», - ня верце.

Бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі, і дадуць азнакі і цуды, каб увесьці ў зман, калі магчыма, і выбраных.

А вы зважайце. Вось, Я наперад сказаў вам усё.

Але ў тыя дні, пасьля смутку таго сонца памеркне, і месяц ня дасць сьвятла свайго;

і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца.

Тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках у сіле моцнай і ў славе.

І тады Ён пашле анёлаў Сваіх і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі і да краю неба.

Ад смакоўніцы вазьмеце падабенства: калі гольле ейнае ўжо мякчэе і пускае лісьце, дык ведайце, што блізка лета;

так і вы, калі ўбачыце, што збываецца тое, ведайце, што блізка, пры дзьвярах.

Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як усё тое будзе.

Неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць.

А пра дзень той або гадзіну ніхто ня ведае, ні анёлы нябесныя, ні Сын, а толькі Айцец.

Глядзеце, чувайце, малецеся; бо ня ведаеце, калі настане час гэты.

Падобна на тое, як калі б хто, ідучы ў дарогу і пакідаючы дом свой, даў слугам сваім уладу, і кожнаму сваю працу, і загадаў брамніку чуваць.

Дык чувайце ж; бо ня ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дома, увечары, ці апоўначы, ці пры пеўнях, ці нараніцу;

каб, прыйшоўшы зьнянацку, не застаў вас у сьне.

А што вам кажу, кажу ўсім: чувайце.