Паводле Марка сьвятое дабравесьце, разьдзел 9

І сказаў ім: праўду кажу вам: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, што не памершы яшчэ, ужо ўбачаць Царства Божае, што прыйшло ў сіле.

І, як мінула шэсьць дзён, узяў Ісус Пятра, Якава і Яна, і ўзьвёў на гару высокую асобна іх адных і перамяніўся перад імі:

адзеньне Ягонае зрабілася бліскучае, вельмі белае, як сьнег, як на зямлі бялільшчык ня можа выбеліць.

І зьявіўся ім Ільля з Майсеем: і гутарылі зь Ісусам.

Пры гэтым Пётр сказаў Ісусу: Равьві! добра нам тут быць; зробім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну, і адну Ільлю.

Бо ня ведаў, што сказаць; таму што яны былі ў страху.

І зьявілася воблака, якое іх ахінула, і з воблака выйшаў голас, які сказаў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны; Яго слухайце.

І раптам, агледзеўшыся навокал, нікога больш з сабою ня бачылі, акрамя аднаго Ісуса.

Калі ж сыходзілі яны з гары, Ён не дазволіў нікому расказваць пра тое, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне зь мёртвых.

І яны стрымалі гэтае слова, пытаючыся адзін у аднаго, што азначае: уваскрэснуць зь мёртвых?

І спыталіся ў Яго: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мае прыйсьці раней?

Ён сказаў ім у адказ: праўда, Ільля павінен прыйсьці раней і падрыхтаваць усё; і Сын Чалавечы, як напісана пра Яго, мае шмат адпакутаваць і быць зьняважаным;

але кажу вам, што і Ільля прыйшоў, і зрабілі зь ім, што хацелі, як напісана пра яго.

Прыйшоўшы да вучняў, убачыў шмат людзей каля іх і кніжнікаў, што спрачаліся зь імі.

Адразу, убачыўшы Яго, усе людзі зьдзівіліся, і, падбягаючы, віталі Яго.

Ён спытаўся ў кніжнікаў: пра што спрачаецеся зь імі?

Адзін зь людзей сказаў у адказ: Настаўнік! я прывёў да Цябе сына майго, апанаванага духам нямым:

дзе ні хапае яго, кідае яго на зямлю, і ён пускае пену, і скрыгоча зубамі сваімі, і дранцьвее; казаў я вучням Тваім, каб выгналі яго, і яны не маглі.

Адказваючы яму, Ісус сказаў: о, род няверны! дакуль буду я з вамі? дакуль буду трываць вас? прывядзеце яго да Мяне.

І прывялі таго да Яго. Як толькі апантаны ўбачыў Яго, дух скалануў яго; ён упаў на зямлю і качаўся, пускаючы пену.

І спытаўся Ісус у бацькі ягонага: як даўно гэта дзеецца зь ім? Той сказаў: змалку;

і шмат разоў дух кідаў яго і ў вагонь і ў ваду, каб загубіць яго; але, калі што можаш, умілажалься з нас і памажы нам.

Ісус сказаў яму: калі хоць колькі можаш верыць, дык усё магчыма верніку.

І адразу хлопцаў бацька ўсклікнуў са сьлязьмі: веру, Госпадзе! памажы майму няверству.

Ісус, убачыўшы, што зьбягаюцца людзі, загразіў духу нячыстаму, сказаўшы яму: дух нямы і глухі! Я загадваю табе, выйдзі зь яго і больш не ўваходзь у яго.

І ўскрыкнуўшы і моцна скалануўшы яго, выйшаў; і ён зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі, што ён памёр.

Але Ісус, узяўшы яго за руку, падняў яго; і ён устаў.

І як увайшоў Ісус у дом, вучні Ягоныя пыталіся ў Яго сам-насам: чаму мы не маглі выгнаць яго?

І сказаў ім: гэты род ня можа выйсьці інакш, як ад малітвы і посту.

Выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею: і Ён не хацеў, каб хто ведаў.

Бо вучыў Сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі чалавечыя, і заб'юць Яго, і пасьля забойства на трэйці дзень уваскрэсьне.

Але яны не разумелі гэтых слоў, а спытацца ў Яго баяліся.

Прыйшоў у Капернаум; і калі быў у доме, спытаўся ў іх: пра што ў дарозе вы разважалі паміж сабою?

яны маўчалі, бо дарогаю разважалі паміж сабою, хто большы.

І сеўшы, паклікаў дванаццаць і сказаў ім: хто хоча быць першым, хай будзе з усіх апошнім і ўсім слугою.

І ўзяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:

хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той прымае Мяне; а хто Мяне прыме, той не Мяне прымае, а Таго, Хто паслаў Мяне.

Ян пры гэтым сказаў: Настаўнік! мы бачылі чалавека, які імем Тваім выганяе дэманаў, а ня ходзіць за намі; і забаранілі яму, бо ня ходзіць за намі.

Ісус сказаў: не забараняйце яму; бо ніхто, хто ўчыніў цуд імем Маім, ня зможа так хутка пасьля ліхасловіць Мяне.

Бо, хто ня супроць вас, той за вас.

І хто напоіць вас кубкам вады ў імя Маё, бо вы Хрыстовыя, праўду кажу вам, ня страціць узнагароды сваёй.

А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі яму на шыю жарон і кінулі яго ў мора.

І калі спакушае цябе рука твая, адатні яе: лепш табе зьнявечанаму ўвайсьці ў жыцьцё, чым зь дзьвюма рукамі ісьці ў геену, у вагонь непагасны,

дзе чарвяк іхні не памірае, і вагонь ня гасьне.

І калі нага твая цябе спакушае, адатні яе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгаваму, чым зь дзьвюма нагамі быць укінутым у геену, у вагонь непагасны,

дзе чарвяк іхні не памірае, і вагонь ня гасьне.

І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго: лепш табе з адным вокам увайсьці ў Царства Божае, чым з двума вачмі быць укінутым у геену вогненную,

дзе чарвяк іхні не памірае, і вагонь ня гасьне.

Бо кожны вагнём асоліцца, і кожная ахвяра сольлю асоліцца.

Соль - добрая; але, калі соль не салёная будзе, чым вы яе паправіце? Майце ў сабе соль і мір майце паміж сабою.