Кніга прарока Навума, разьдзел 3

Гора гораду крыві! увесь ён поўны падману і забойства; ня спыняецца ў ім рабунак.

Чутно, як ляскае біч і стукаюць, круцяцца колы, іржэ конь і грукоча на скаку калясьніца.

Імчыцца коньніца, бліскае меч і блішчаць дзіды; забітых мноства і груды трупаў: няма канца трупам, спатыкаюцца аб трупы іх.

Гэта - за многія блудадзействы распусьніцы прыемнай зьнешнасьці, спрактыкаванай у чарадзействе, якая блудадзействамі сваімі прадае народы і чарадзействамі сваімі - плямёны.

Вось Я - на цябе! кажа Гасподзь Саваоф. І падыму на аблічча тваё краі вопраткі тваёй, і пакажу народам галізну тваю і царствам сарамату тваю.

І закідаю цябе мярзотамі, зраблю цябе пагарджанаю і выстаўлю цябе на паглум.

І будзе тое, што ўсякі, убачыўшы цябе, пабяжыць ад цябе і скажа: «спустошана Нінэвія! Хто пашкадуе яе? дзе знайду я суцешнікаў табе?»

Хіба ты лепшы за Но-Амона, які ляжыць паміж рэкамі, акружаны вадою, валам якога было мора, і мора служыла сьцяною яму?

Эфіопія і Егіпет зь безьлічным мноствам іншых служылі яму падмацаваньнем; Копты і Лівійцы прыходзілі на дапамогу табе.

Але і ён пераселены, пайшоў у палон; нават немаўляты яго перабітыя на скрыжаваньнях усіх вуліц, а на знакамітых яго кідалі жэрабя, і ўсе вяльможы яго скаваны ланцугамі.

Так і ты - сп'янееш і зьнікнеш; так і ты будзеш шукаць абароны ад няпрыяцеля.

Усе ўмацаваньні твае падобныя на смакоўніцу са сьпелымі пладамі: калі страсянуць іх, дык яны ўпадуць проста ў рот таму, хто хоча есьці.

Вось, і народ твой - як жанчыны ў цябе: ворагам тваім разнасьцежацца брамы зямлі тваёй, агонь зжарэ замкі твае.

Начэрпай вады на час аблогі; мацуй крэпасьці твае; ідзі ў бруд, тапчы гліну, папраў печ для абпалу цэглы.

Там зжарэ цябе агонь, пасячэ цябе меч, паесьць цябе, як вусень, хоць бы ты і памножыўся, як вусень, памножыўся, як саранча.

Купцоў у цябе стала больш, чым зорак на небе; але гэтая саранча расьсеецца і паляціць.

Князі твае - як саранча, і ваеначальнікі твае - як раі мошак, якія ў час холаду гняздуюцца ў шчылінах сьцен, і калі ўстане сонца, дык разьлятаюцца, - і не пазнаеш месца, дзе яны былі.

Сьпяць пастары твае, цар Асірыйскі, пакояцца вяльможы твае; народ твой расьсеяўся па горах, і няма каму сабраць яго.

Няма лекаваньня ране тваёй, хваравітая пошасьць твая. Усе, хто пачуў вестку пра цябе, будуць пляскаць у далоні за цябе, бо на каго не пашыралася бесьперастанку злосьць твая?