Лікі, разьдзел 18

І сказаў Гасподзь Аарону: ты і сыны твае і дом бацькі твайго з табою панесяце на сабе грэх за нядбальства ў сьвятыні; і ты і сыны твае з табою панесяце на сабе грэх за няўпраўнасьць у сьвятарстве вашым.

Гэтак сама і братоў тваіх, племя Лявіінага, род бацькі твайго, вазьмі сабе: няхай яны будуць пры табе і служаць табе, а ты і сыны твае з табою будзеце пры скініі адкрыцьця;

няхай яны правяць службу табе і службу ва ўсёй скініі; толькі каб не падыходзілі да рэчаў сьвятыні і да ахвярніка, каб не памерці і ім і вам.

Няхай яны будуць пры табе і правяць службу ў скініі сходу, усю працу ў скініі; а староньні не павінен набліжацца да вас.

Так чынеце службу ў сьвяцілішчы і каля ахвярніка, каб ня было больш гневу на сыноў Ізраілевых;

бо братоў вашых, лявітаў, Я ўзяў з сыноў Ізраілевых і даў іх вам, у дарунак Госпаду, дзеля ўчыненьня службы пры скініі сходу;

і ты і сыны твае з табою захоўвайце сьвятарства вашае ва ўсім, што належыць ахвярніку, і што ўсярэдзіне за заслонаю, і служэце; Я даю вам у дарунак службу сьвятарства, а староньні, які возьмецца, аддадзены будзе сьмерці.

І сказаў Гасподзь Аарону: вось, Я даручаю табе сачыць за паднашэньнямі Мне; з усяго, што пасьвячаецца сынамі Ізраілевымі, Я дам табе і сынам тваім, дзеля сьвятарства вашага, статутам вечным;

вось, што належыць табе са сьвятыняў вялікіх, з таго, што паліцца: любое прынашэньне іхняе хлебнае, і ўсякая ахвяра іхняя за грэх, і кожная іхняя ахвяра за віну, што яны прынясуць Мне; гэта вялікая сьвятыня табе і сынам тваім.

На самым сьвятым месцы ежце гэта; усе мужчынскага полу могуць есьці; гэта сьвятыняю і будзе табе.

І вось, што табе з паднесеных дароў іхніх: усе паднашэньні сыноў Ізраілевых Я даў табе і сынам тваім і дочкам тваім з табою, статутам вечным; усякі чысты ў доме тваім можа есьці гэта.

Усё найлепшае з алею і ўсё найлепшае зь вінаграду і хлеба, пачаткі іх, якія яны даюць Госпаду, Я аддаў табе;

усе першыя ўтворы зямлі іхняй, першыя яны прынясуць Госпаду, хай будуць твае; кожны чысты ў доме тваім можа есьці гэта.

Усё заклятае ў зямлі Ізраілевай хай будзе тваё.

Усё, што размыкае сьцёгны ў кожнай плоці, якую прыносяць Госпаду, зь людзей і з быдла, хай будзе тваё; толькі першынец зь людзей павінен быць выкуплены, і першароднае з быдла нячыстага павінна быць выкуплена;

а выкуп за іх: пачынаючы з аднаго месяца, паводле ацэнкі тваёй, бяры выкуп пяць сікляў срэбра, па сіклі сьвяшчэнным, які ў дваццаць гераў;

а за першароднае з валоў і за першароднае з авечак і за першароднае з коз не бяры выкупу: яны сьвятыня; крывёю іх акрапляй ахвярнік і тлушч зь іх палі ў ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду;

а мяса іх табе належыць, гэтаксама як і грудзіна паднашэньня - правая лапатка табе належыць.

Усе ахвярныя сьвятыні, якія падносяць сыны Ізраілевыя Госпаду, аддаю табе і сынам тваім і дочкам тваім з табою, статутам вечным; гэта запавет солі вечны перад Госпадам, дадзены табе і нашчадкам тваім з табою.

І сказаў Гасподзь Аарону: у зямлі іхняй ня будзеш мець надзелу і долі ня будзе з табою сярод іх; Я доля твая і надзел твой сярод сыноў Ізраілевых;

а сынам Лявіі, вось, Я даў у надзел дзесяціну з усяго, што ў Ізраіля, за службу іхнюю, за тое, што яны правяць службы ў скініі сходу;

і сыны Ізраілевыя не павінны больш падыходзіць да скініі сходу, каб не панесьці грэху і не памерці:

няхай лявіты правяць службы ў скініі сходу і нясуць на сабе грэх іхні. Гэта статут вечны ў роды вашыя; а сярод сыноў Ізраілевых яны не атрымаюць долі;

а як што дзесяціну сыноў Ізраілевых, якую яны прыносяць у паднашэньне Госпаду, Я аддаю лявітам у надзел, таму і сказаў Я ім: сярод сыноў Ізраілевых не атрымаюць яны долі.

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

абвясьці лявітам і скажы ім: калі брацьмеце ў сыноў Ізраілевых дзесяціну, якую Я даў вам у долю, дык падносьце зь яе паднашэньне Госпаду, дзесяціну зь дзесяціны, -

і ўскладзена будзе на вас гэта паднашэньне, як хлеб з гумна і як узятае з чавільні;

так і вы будзеце падносіць паднашэньне Госпаду з усіх дзесяцін вашых, якія брацьмеце ў сыноў Ізраілевых, і будзеце даваць зь іх паднашэньне Гасподняе Аарону сьвятару;

з усяго, што даруецца вам, падносьце паднашэньне Госпаду, з усяго найлепшага, што асьвячаецца.

І скажы ім: калі вы прынесяце з гэтага найлепшае, дык гэта ўскладзена будзе на лявітаў, як тое, што атрымліваецца з гумна і што атрымліваецца з чавільні;

вы можаце есьці гэта ў любым месцы, вы і семэі вашыя, бо гэта вам плата за працу вашую ў скініі сходу;

і не панесяце за гэта грэху, калі прынесяце найлепшае з гэтага; і таго, што пасьвячаецца сынамі Ізраілевымі, не апаганьце, і не памраце.