Лікі, разьдзел 30

І пераказаў Майсей сынам Ізраілевым усё, што загадаў Гасподзь Майсею.

І сказаў Майсей правадырам плямёнаў сыноў Ізраілевых, кажучы: вось, што загадаў Гасподзь:

калі хто дасьць абяцаньне Госпаду, альбо прысягне клятваю, паклаўшы зарок на душу сваю, дык ён не павінен парушаць слова свайго, а павінен выконваць усё, што выйшла з вуснаў ягоных.

Калі жанчына дасьць абяцаньне Госпаду і накладзе на сябе зарок у доме бацькі свайго, у маладосьці сваёй,

і пачуе бацька абяцаньне яе і зарок, які яна наклала на душу сваю, і змоўчыць пра тое бацька яе, дык усе абяцаньні яе збудуцца, і кожны зарок яе, які яна паклала на душу сваю, збудзецца;

калі ж бацька яе, пачуўшы, забароніць ёй, дык усе абяцаньні яе і зарокі, якія яна паклала на душу сваю, ня збудуцца, і Гасподзь даруе ёй, бо забараніў ёй бацька яе.

Калі яна выйдзе замуж, а на ёй абяцаньне яе, альбо слова вуснаў яе, якім яна зьвязала сябе,

і пачуе муж яе і, пачуўшы, змоўчыць, дык абяцаньні яе збудуцца, і зарокі яе, якія яна наклала на душу сваю, збудуцца;

а калі муж яе, пачуўшы, забароніць ёй і адкіне абяцаньне яе, якое на ёй, і слова вуснаў яе, якім яна зьвязала сябе, і Гасподзь даруе ёй.

А абяцаньне ўдавы і разьведзенай, які б яна ні паклала зарок на душу сваю, адбудзецца.

Калі жонка ў доме мужа свайго дала абяцаньне, альбо паклала зарок на душу сваю з клятваю,

і муж яе чуў, і змоўчаў пра тое, і не забараніў ёй, дык усе абяцаньні яе збудуцца, і ўсякі зарок, які яна паклала на душу сваю, адбудзецца;

а калі муж яе, пачуўшы, адхіліў іх, дык усе абяцаньні яе, што выйшлі з вуснаў яе, і зарокі душы яе не адбудуцца: муж яе зьнішчыў іх, і Гасподзь даруе ёй.

Кожнае абяцаньне і кожны зарок з клятваю, каб упакорыць душу, муж яе можа сьцьвердзіць, і муж яе можа адхіліць;

а калі муж яе маўчаў пра тое дзень у дзень, дык ён тым самым сьцьвердзіў усе абяцаньні яе і ўсе зарокі яе, якія на ёй, сьцьвердзіў, бо ён, пачуўшы, маўчаў пра тое;

а калі адхіліў іх, пасьля таго як пачуў, дык ён узяў на сябе грахі яе.

Вось устанаўленьні, якія Гасподзь наказаў Майсею пра адносіны паміж мужам і жонкаю ягонай, паміж бацькам і дачкою ягонай у маладосьці яе, у доме ў бацькі яе.