Лікі, разьдзел 5

І наказаў Гасподзь Майсею:

загадай сынам Ізраілевым выслаць з табара ўсіх пракажоных, і ўсіх кравацечных, і ўсіх, што апаганіліся ад мёртвага,

і мужчын і жанчын вышліце, за табар вышліце іх, каб не апаганьвалі яны табараў сваіх, сярод якіх Я жыву.

І зрабілі так сыны Ізраілевыя і вынесьлі прэч з табара: так казаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі сыны Ізраілевыя.

І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

скажы сынам Ізраілевым: калі мужчына альбо жанчына зробіць які-небудзь грэх супроць чалавека і праз гэта ўчыніць злачынства супроць Госпада, і вінаватая будзе душа тая,

дык няхай паспавядаюцца ў грэху сваім, які яны зрабілі, і вернуць поўніцай тое, у чым яны вінаватыя, і дакладуць да таго пятую долю і аддадуць таму, супроць каго зграшылі;

а калі ў яго няма спадчыньніка, якому трэба было б аддаць за віну, дык прысьвяціць гэта Госпаду: няхай будзе гэта сьвятару, звыш барана ачышчэньня, якім ён ачысьціць яго;

і ўсякае паднашэньне з усіх сьвятыняў сыноў Ізраілевых, якія яны прыносяць да сьвятара, яму належыць,

і прысьвечанае кім-небудзь яму належыць; усё, што дасьць хто сьвятару, яму належыць.

І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі здрадзіць каму жонка і парушыць вернасьць яму,

і перасьпіць хто зь ёю і вылье семя, і гэта будзе схавана ад вачэй мужа яе, і яна апаганіцца тайна, і ня будзе на яе сьведкі, і ня будзе выкрыта,

і ўвойдзе ў яго дух рэўнасьці, і будзе раўнаваць жонку сваю, калі яна апаганеная, альбо ўвойдзе ў яго дух рэўнасьці, і ён будзе раўнаваць жонку сваю, калі яна не апаганеная, -

няхай прывядзе муж жонку сваю да сьвятара і прынясе за яе ў ахвяру дзясятую долю эфы ячнай мукі, але ня вылівае на яе алею і не кладзе лівану, бо гэта прынашэньне раўнаваньня, прынашэньне ўспаміну, якое нагадвае пра беззаконства;

а сьвятар няхай прывядзе і паставіць яе перад абліччам Гасподнім,

і возьме сьвятар сьвятой вады ў гліняны посуд, і возьме сьвятар зямлі з падлогі скініі і пакладзе ў ваду;

і паставіць сьвятар жонку перад абліччам Гасподнім, і аголіць галаву жонцы, і дасьць ёй у рукі прынашэньне ўспаміну, гэта прынашэньне раўнаваньня, а ў руцэ ў сьвятара будзе горкая вада, якая наводзіць праклён.

І закляне яе сьвятар і скажа жонцы: калі ніхто не пераспаў з табою, і ты не апаганілася і ня здрадзіла мужу свайму, дык цэлая будзеш ад гэтай вады горкай, якая наводзіць праклён;

але калі ты здрадзіла мужу твайму і апаганілася, і калі хто пераспаў з табою апрача мужа твайго, -

тады сьвятар хай закляне жонку кляцьбою праклёну і скажа сьвятар жонцы: хай пракляне цябе Гасподзь і аддасьць кляцьбе ў народзе тваім, і хай зробіць Гасподзь, каб улоньне тваё апала і жывот твой апух;

і хай пройдзе вада гэтая, якая наводзіць праклён, у нутрыну тваю, каб апух жывот і апала ўлоньне. І скажа жонка: амін, амін.

І напіша сьвятар заклёны гэтыя на зьвітку і змые іх горкаю вадою;

і дасьць выпіць жонцы горкую ваду, якая наводзіць праклён, і ўвойдзе ў яе вада, якая наводзіць праклён, на шкоду ёй.

І возьме сьвятар з рук жонкі хлебнае прынашэньне раўнаваньня, і паднясе гэтае прынашэньне перад Госпада, і занясе яго да ахвярніка;

і возьме сьвятар жменяю з хлебнага прынашэньня частку на памяць, і спаліць на ахвярніку, і потым дасьць жонцы выпіць вады:

і калі напоіць яе вадою, тады, калі яна нячыстая і зрабіла злачынства супроць мужа свайго, горкая вада, якая наводзіць праклён, увойдзе ў яе, на шкоду ёй, і апухне чэрава яе і ападзе ўлоньне яе, і будзе тая жонка праклятая ў народзе сваім;

а калі жонка не апаганілася і была чыстая, дык застанецца цэлая і будзе апладняцца семем.

Вось закон пра раўнаваньне: калі жонка здрадзіць мужу свайму і апаганіцца,

альбо калі на мужа сыдзе дух рэўнасьці, і ён будзе раўнаваць жонку сваю, тады няхай ён паставіць жонку сваю прад абліччам Госпада, і зробіць зь ёю сьвятар усё паводле гэтага закона, -

і будзе муж чысты ад грэху, а жонка панясе на сабе грэх свой.