Пасланьне да Піліпянаў, разьдзел 1

Павал і Цімафей, рабы Ісуса Хрыста, усім сьвятым у Хрысьце Ісусе, што жывуць у Піліпах, зь япіскапамі і дыяканамі:

мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

Дзякую Богу майму кожны раз, як згадваю вас,

заўсёды ў кожнай малітве маёй за ўсіх вас з радасьцю молячыся,

за ваш удзел у зьвеставаньні зь першага дня аж да сёньня,

упэўнены, што той, хто пачаў у вас добрую дзею, будзе завяршаць яе да дня Ісуса Хрыста,

як і трэба мне думаць пра ўсіх вас, бо я маю вас у сэрцы ў кайданах маіх, і ў абароне і ў сьцьверджаньні зьвеставаньня, вас усіх, як супольнікаў маіх у мілаце.

Бог - сьведка, што я люблю ўсіх вас любоўю Ісуса Хрыста;

і малюся за тое, каб любоў ваша яшчэ больш узрастала ў спазнаньні і ўсякім досьведзе,

каб, спазнаючы лепшае, вы былі чыстыя і неспатыкнёныя ў дзень Хрыста,

поўныя пладоў праведнасьці празь Ісуса Хрыста, на славу і хвалу Божую.

Жадаю, браты, каб вы ведалі, што акалічнасьці мае паслужылі на большы посьпех зьвеставаньня,

так што кайданы мае за Хрыста зрабіліся вядомыя ўсёй праторыі і ўсім астатнім,

і большая частка братоў у Госпадзе, пасьмялеўшы праз кайданы мае, пачалі з большаю адвагаю, бязбоязна прапаведаваць слова Божае.

Некаторыя, праўда, з зайздрасьці альбо зь перакорлівасьці, а іншыя з добрай прыхільнасьці прапаведуюць Хрыста:

адны зь перакорлівасьці прапаведуюць Хрыста ня чыста, думаючы пабольшыць цяжар кайданоў маіх;

а другія - зь любові, ведаючы, што я пастаўлены бараніць зьвеставаньне.

Але што да таго? Як бы ні прапаведавалі Хрыста, ці дзеля блізіру, а ці шчыра, я і таму радуюся і буду радавацца,

бо ведаю, што гэта паслужыць мне на збавеньне дзякуючы вашай малітве і садзеяньню Духа Ісуса Хрыста,

пры пэўнасьці і надзеі маёй, што я ні ў чым пасаромлены ня буду, а пры поўнай адвазе, і сёньня, як і заўсёды, праславіцца Хрыстос у целе маім, хай тое жыцьцём, хай сьмерцю.

Бо для мяне жыцьцё - Хрыстос, і сьмерць - набытак.

А калі жыцьцё ў плоці дае плод маёй дзеі, дык ня ведаю, што выбраць.

Вабіць мяне і тое і другое: хочацца і разьвязацца і быць з Хрыстом, бо гэта непараўнальна лепей;

а заставацца ў плоці больш патрэбна вам:

і я пэўна ведаю, што застануся і буду з усімі вамі дзеля вашага посьпеху і радасьці ў веры,

каб хвала ваша ў Хрысьце Ісусе памножылася празь мяне, пры маім другім да вас прыходзе.

Толькі жывеце годнасна зьвеставаньня Хрыстовага, каб мне, калі я прыйду і пабачу вас, альбо калі ня прыйду, чуць пра вас, што стаіце вы ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру Дабравесьця,

і не баіцеся ні ў чым праціўнікаў; гэта ім ёсьць знак пагібелі, а вам - выратаваньня. І гэта ад Бога;

бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі вераваць у Яго, але і пакутаваць за Яго.

Такім самым подзьвігам, які вы бачылі ўва мне і сёньня чуеце пра мяне.