Ліст да Піліпянаў, глава 4

Плп 4Дык вось, браты мае любасныя і жаданыя, радасьць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, любасныя мае.Малю Евадыю, малю Сінтыхію думаць гэтак сама пра Госпада;сапраўды, прашу і цябе, мой шчыры супрацоўнік, памагай ім, што памагалі ў зьвеставаньні разам са мною і з Кліментам і з астатнімі супрацоўнікамі маімі, чые імёны - у кнізе жыцьця.Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і яшчэ кажу: радуйцеся.Пакорлівасьць вашая хай будзе вядомая ўсім людзям. Гасподзь блізка.Ня турбуйцеся ні пра што, а заўсёды ў малітве і прашэньні з падзякаваньнем адкрывайце свае жаданьні Богу, -і мір Божы, які вышэйшы за ўсякі розум, ахавае сэрцы вашыя і помыслы ў Хрысьце Ісусе.Нарэшце, браты мае, што толькі ў ісьціне, што сумленнае, што справядлівае, што чыстае, што любае, што вартае хвалы, што толькі дабрадзейнасьць, ці што пахвалы годнае, - тое і майце наўме.Чаго вы навучыліся, што прынялі і чулі і бачылі ўва мне, тое і выконвайце, - і Бог міру будзе з вамі.Я вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, што вы ўжо зноў пачалі клапаціцца пра мяне; вы і раней клапаціліся, але вам ня спрыяла нагода.Кажу гэта не таму, што патрэбу маю; бо я навучыўся здавольвацца тым, што ў мяне ёсьць:умею жыць і ў гароце, умею жыць і ў дастатку; навучыўся ўсяго і ва ўсім, насычацца і галадаць, быць і ў раскошы і ў нястачы.Усё магу ў Ісусе Хрысьце, Які мацуе мяне.Нарэшце, вы добра зрабілі, што ўзялі ўдзел у смутках маіх.Вы ведаеце, Піліпяне, што на пачатку зьвеставаньня, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква, апроч вас адных, ня брала ўдзелу ў маіх выдатках і прыбытках;вы і ў Фесалоніку і раз і два дасылалі мне на патрэбы.Ня тое, каб шукаў я дароў; а шукаю плоду, які памнажаецца на карысьць вам.Я атрымаў усё і маю занадта; я задаволены, атрымаўшы ад Эпафрадыта гасьцінцы вашыя, - салодкія пахошчы, ахвяру прыемную, спадобную Богу.Бог мой няхай адшкадуе вам на любую патрэбу вашую, ад багацьця Свайго ў славе, празь Ісуса Хрыста.А Богу і Айцу нашаму слава на векі вякоў! Амін.Вітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною.Вітаюць вас усе сьвятыя, а найболей з кесаравага дома.Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.