Кніга выслоўяў Саламонавых, разьдзел 1

Выслоўі Саламона, сына Давідавага, цара Ізраільскага.

Каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець разумныя выслоўі;

засвоіць правілы добрай разважлівасьці, справядлівасьці, права і слушнасьці;

прастадушным даць кемнасьць, юнаку - веды і разважлівасьць;

паслухае мудры і памножыць веды, і разумны знойдзе мудрыя парады;

каб разумець выслоўе і загадкавую мову, словы мудрацоў і загадкі іхнія.

Пачатак мудрасьці - страх Гасподні; толькі дурні пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем.

Слухай, сыне мой, настаўленьне бацькі твайго, і не адкідай запавету маці тваёй:

бо гэта - прыгожы вянок на галаву тваю і акраса на шыю тваю.

Сыне мой! калі цябе будуць намаўляць грэшнікі, не згаджайся.

Калі будуць казаць: «ідзі з намі, зробім засаду на кроў, падпільнуем бязгрэшнага і бязьвіннага,

жывых праглынем іх, як апраметная, і - цэлых, як тых, што ў магілу сыходзяць;

набяром усякага каштоўнага дабра, напоўнім дамы нашыя здабычаю;

далучы сваю долю да нашай, складка адна будзе на ўсіх нас»:

Сыне мой! не хадзі адною дарогаю зь імі, утрымай нагу тваю ад сьцежкі іхняй,

бо іхнія ногі бягуць да ліхога і сьпяшаюцца кроў праліваць.

На вачах ва ўсіх птушак дарма раскідаецца сетка;

а яны кроў сваю сочаць, засады ладзяць на душы свае.

Такія дарогі ва ўсіх, хто прагне чужога дабра: яно забірае жыцьцё ў свайго ўласьніка.

Мудрасьць кліча на вуліцах, на плошчах узносіць свой голас,

на шумных сходах прапаведуе, каля гарадское брамы прамаўляе слова сваё:

«Дакуль, немысьлі, любіцьмеце невуцтва? дакуль пакепнікі будуць кепствам цешыцца? дакуль бязглуздыя будуць ненавідзець навуку?

паслухайце маёй засьцярогі: вось, я вылью на вас Духа майго, абвяшчу вам словы мае.

Я клікала, а вы не паслухаліся; я падавала руку маю, і ніхто не зважаў;

і вы адкінулі ўсе мае рады, і перасьцярогаў маіх не прынялі:

за тое і я пасьмяюся з вашай пагібелі; парадуюся, калі прыйдзе ваш страх;

калі прыйдзе ваш страх, як бура, і няшчасьце, як віхура, наляціць на вас; калі спадобіць вас нядоля і ўціск.

Тады будуць клікаць мяне, і я не пачую.

За тое, што зьненавідзелі веды і ня выбралі страху Гасподняга,

не схацелі парады маёй, пагардзілі ўсімі перасьцярогамі маімі;

за тое няхай ядуць яны з плоду дарог сваіх і насычаюцца з парадаў сваіх.

Бо адступніцтва неразумных заб'е іх, і бястурботнасьць немысьляў загубіць іх.

А хто мяне слухае, будзе жыць у бясьпецы і спакойна, не баючыся ліха».