Кніга выслоўяў Саламонавых, разьдзел 10

Выслоўі Саламона. Сын мудры радуе бацьку, а сын бязглузды - засмучэньне маці ягонай.

Не даюць карысьці скарбы няправедныя, а праўда ратуе ад сьмерці.

Не дапусьціць Гасподзь, каб галадала душа праведнага, а зьдзірства бязбожных адкіне.

Лянівая рука робіць бедным, а рука руплівая ўзбагачае.

Хто зьбірае летам - сын разумны, а хто сьпіць у жніва - сын шалапутны.

Дабраславеньні - на галаву праведнага, а вусны бязбожным затуліць насільле.

Памяць пра праведнага дабраславёная будзе, а імя бязбожных спаганьбіцца.

Мудры сэрцам прымае запаведзі, а бязглузды вуснамі спатыкнецца.

Хто ходзіць у беззаганнасьці, той ходзіць бясьпечна; а хто скрыўляе шляхі свае, той будзе выкрыты.

Хто міргае вачыма, той чыніць прыкрасьць, а бязглузды вуснамі спатыкнецца.

Вусны праведніка - крыніца жыцьця, а вусны бязбожным затуліць насільле.

Нянавісьць будзіць разлад, любоў акупае ўсе грахі.

На вуснах у разумнага мудрасьць, а на целе ў дурнога - дубец.

Мудрыя зьберагаюць веды, а вусны немысьля - блізкая пагібель.

Маёмасьць багатага - моцны горад яго, бяда бедным - іхняе ўбоства.

Праца праведнага - на жыцьцё, прыбытак бязбожнага - на грэх.

Хто захоўвае настаўленьне, той на дарозе да жыцьця; а хто пагарджае засьцярогай - блукае.

Хто хавае нянавісьць, у таго вусны ілжывыя; і хто пашырае паклёпы - неразумны.

Пры шматслоўі ня ўнікнуць грэху, а хто стрымлівае вусны свае - разумны.

Чыстае срэбра - язык праведнага, а сэрца бязбожных - нікчэма.

Вусны праведнага пасьвяць многіх, а неразумныя мруць ад нястачы глузду.

Дабраславеньне Гасподняе - яно ўзбагачае і смутку з сабой ня прыносіць.

Радуе немысьля - учынак ганебны, а чалавека разумнага - мудрасьць.

Чаго баіцца бязбожнік, тое спасьцігне яго, а жаданьне праведнікаў збудзецца.

Як падымецца бура, так і няма бязбожнага; а ў праведніка - аснова вечная.

Што воцат зубам і дым вачам, тое гультай тым, хто пасылае яго.

Страх Гасподні дадае дзён, а гады бязбожных скароцяцца.

Спадзяваньне праведнікам - радасьць, а надзея бязбожных загіне.

Шлях Гасподні - цьвярдыня нявінным і пагібель бязбожным.

Праведнік вавек не пахісьнецца, а бязбожныя не пажывуць на зямлі.

З вуснаў праведніка крынічыць мудрасьць, а язык шкодлівы будзе вырваны.

Вусны праведніка любяць богаспадобнае, а вусны бязбожных - разбэшчанае.