Кніга выслоўяў Саламонавых, разьдзел 12

Хто любіць настаўленьне, той любіць веды; а хто ненавідзіць засьцярогі, той невук.

Добры здабывае ласку ў Госпада; а чалавека падступнага Ён асудзіць.

Ня сьцьвердзіць сябе чалавек беззаконьнем; а корань праведнікаў непахісны.

Дабрачынная жонка - вянок мужу свайму; а ганебная - як гнілізна ў касьцях у яго.

Помыслы праведных - праўда, а намыслы бязбожных - падступнасьць.

Словы бязбожных - засада на кроў, а вусны праведных ратуюць іх.

Як кранецца бязбожных няшчасьце - і няма іх, а дом праведных стаіць.

Хваляць чалавека паводле меры розуму ягонага, а распусны сэрцам будзе ў пагардзе.

Лепей быць простым, але мець працу, чым быць ганарыстым, але ня мець хлеба.

Праведны дбае і пра жыцьцё быдла свайго, а сэрца бязбожных жорсткае.

Хто ўрабляе зямлю сваю, насыціцца хлебам; а хто ідзе па сьлядах гультаёў, той розумам бедны.

Бязбожны хоча злавіць яго ў сетку зла; а корань праведных цьвёрды.

Бязбожны ловіцца грахамі вуснаў сваіх; а праведны выйдзе зь бяды.

Ад плоду вуснаў сваіх чалавек насычаецца дабром, і плата чалавеку - паводле дзеяў рук ягоных.

Дарога немысьля простая ў вачах ягоных; а хто слухае рады, той мудры.

У немысьля адразу выяўляецца гнеў ягоны, а разумны тоіць абразу.

Хто кажа тое, што ведае, той кажа праўду: а ў сьведкі ілжывага - ашуканства.

Сёй-той пустаслоў б'е як мечам, а язык мудрых - ацаляе.

Вусны праўдзівыя вечна жывуць, а ілжывы язык - хвіліну.

Хітрына - у сэрцы ў зламысьнікаў, радасьць - у міратворцаў.

Ня станецца праведніку ніякага ліха, а бязбожныя будуць напоўнены злом.

Агіда Госпаду - вусны ілжывыя, а хто гаворыць праўду, даспадобы Яму.

Чалавек разважлівы ўтойвае веды, а сэрца немысьляў выказвае дурасьць.

Рука руплівая здабудзе ўладу, а гультайская пад данінай будзе.

Смутак на сэрцы падаўляе чалавека, а добрае слова разьвесяляе яго.

Праведнік паказвае блізкаму свайму дарогу, а дарога бязбожных уводзіць іх у згубу.

Гультай ня смажыць сваёй дзічыны; а чалавек руплівы мецьме каштоўны набытак.

На дарозе праўды - жыцьцё, і на сьцежцы яе няма сьмерці.