Кніга выслоўяў Саламонавых, разьдзел 13

Мудры сын слухае бацькавых настаўленьняў; а насьмешнік ня слухае засьцярогаў.

Ад плоду вуснаў сваіх чалавек спажывае дабро, а душа здраднікаў закона - зло.

Хто захоўвае вусны свае, той захоўвае душу сваю, а хто шырока свой рот разьзяўляе, таму бяда.

Душа гультая жадае, але марна: а душа руплівых насыціцца.

Праведнік ненавідзіць ілжывае слова, а бязбожны сарамаціць і ганьбіць сябе.

Праўда ахоўвае беззаганнага ў дарозе, а бязбожнасьць губіць грэшнікаў.

Сёй-той выдае сябе за багатага, а ў яго нічога няма; другі сябе за беднага, а ў яго багацьця многа.

Багацьцем сваім чалавек адкупляе жыцьцё сваё, а бедны і пагрозы ня чуе.

Сьвятло праведных весела гарыць; а сьветач бязбожных тухне.

Ад пыхі паходзіць разлад, а ў тых, што раяцца, - мудрасьць.

Багацьце ад марнасьці памяншаецца, а хто зьбірае працаю, памнажае яго.

Надзея, якая доўга ня праўдзіцца, стамляе сэрца, а жаданьне, якое споўнілася, - як дрэва жыцьця.

Хто пагарджае словам, той робіць шкоду сабе; а хто баіцца запаведзі, будзе ўзнагароджаны.

Навука ў мудрага - крыніца жыцьця, якая аддаляе ад сьмерці.

Добры розум дае зычлівасьць; а дарога бязбожных цьвёрдая.

Кожны разумны дзее зь веданьнем, а немысель выстаўляе на паказ дурасьць.

Неразумны пасол трапляе ў бяду, а верны пасланец - ратунак.

Галеча і ганьба таму, хто пагарджае навукай; а хто трымаецца настаўленьня, пашанаваны будзе.

Жаданьне, якое споўнілася, - прыемнае душы; агідна неразумнаму ўхіляцца ад зла.

Хто сябруе з мудрым, будзе мудры; а хто сябруе зь неразумнымі, разбэсьціцца.

Грэшнікаў даганяе зло, а праведнікам дасца дабро.

Добры пакідае спадчыну і ўнукам, а багацьце грэшніка зьберагаецца праведнаму.

Шмат хлеба бывае і на палетку ў бедных; але маёмасьць гіне ад бяспраўя.

Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына; а хто любіць, той змалку карае яго.

Праведнік есьць да сытасьці, а жывот бязбожных церпіць нястачы.