Кніга выслоўяў Саламонавых, разьдзел 14

Мудрая жонка ўладкуе свой дом, а неразумная разбурыць яго сваімі рукамі.

Хто ідзе простаю дарогаю, баіцца Госпада; а чые дарогі крывыя, той ня дбае пра Яго.

У вуснах у немысьля - біч на яго ганарыстасьць; а вусны мудрых ахоўваюць самыя сябе.

Дзе няма валоў, там - ясьлі пустыя; а багата ж прыбытку ад сілы валоў.

Верны сьведка ня хлусіць, а ілжу пашырае сьведка ілжывы.

Распусны шукае мудрасьці і не знаходзіць; а разумны лёгка набывае веды.

Адыдзі ад чалавека пустога, у якога ты ня бачыш разумных вуснаў.

Мудрасьць разумнага - што ён зважае на дарогу сваю, а дурасьць немысьляў - толькі ашука.

Неразумныя сьмяюцца з грэху, а сярод праведных - Божая мілата.

Сэрца ведае горыч сваю, і чужынец ня дзеліць радасьці ягонай.

Дом беззаконных зруйнуецца, а жытлішча праведных расьцьвіце.

Ёсьць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі; але канец іх - шлях сьмерці.

І ад сьмеху часам баліць сэрца, і канцом радасьці бывае смутак.

Чалавек з разбэшчаным сэрцам насыціцца ад дарог сваіх, і добры - ад сваіх.

Немысель верыць кожнаму слову, а разумны зважае на крокі свае.

Мудры баіцца і ўнікае зла, а неразумны раздражнёны і саманадзейны.

Запальчывы можа ўчыніць глупства; а чалавек, які наўмысна чыніць благое, ненавісны.

Невукі спадкуюць дурасьць, а разумных увенчваюць веды.

Схіляцца ліхія перад добрымі, і бязбожныя - каля варот праведніка.

Беднага ненавідзіць, бывае, нават блізкі яго, а ў багатага многа сяброў.

Хто пагарджае блізкім сваім, той грэшыць; а мілажальны да бедных, той шчасны.

Ці не памыляюцца тыя, што намышляюць ліхое? Мілажаль і вернасьць у тых, што намышляюць добрае.

Ад усякае працы ёсьць прыбытак, а ад пустаслоўя толькі пахіба.

Вянок мудрых - багацьце іхняе, а дурасьць невукаў дурасьць і ёсьць.

Верны сьведка ратуе душы, а ілжывы нагаворвае шмат ілжы.

У страху перад Госпадам - надзея цьвёрдая, і сынам сваім Ён прыстанішча.

Страх Гасподні - крыніца жыцьця, што аддаляе ад сетак сьмерці.

У мностве народу - веліч цара, а пры малалюдзтве - бяда ўладару.

У цярплівага чалавека багата розуму, а ў палкага многа дурасьці.

Ціхмянае сэрца - жыцьцё целу, а зайздрасьць - гнілізна касьцям.

Хто ўціскае беднага, той ганіць Творцу яго; а хто шануе Яго, той творыць дабро беднаму.

За ліха сваё бязбожны будзе адкінуты, а праведны і пры сьмерці сваёй мае надзею.

Мудрасьць у сэрцы ў разумнага, і сярод неразумных яна адкрываецца.

Праведнасьць узвышае народ, а беззаконьне - ганьба народаў.

Ласка царова - рабу разумнаму, а гнеў цара - супроць таго, хто ганьбіць яго.