Кніга выслоўяў Саламонавых, разьдзел 19

Лепш бедны, які ходзіць у сваёй нявіннасьці, чым зь ілжывымі вуснамі, і пры гэтым неразумны.

Нядобра душы бязь ведаў, і хто сьпяшаецца нагамі, спатыкаецца.

Неразумнасьць чалавека скрыўляе дарогу, а сэрца ягонае гневаецца на Госпада.

Багацьце памнажае сяброў, а беднага пакідае і сябар ягоны.

Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня, і хто гаворыць няпраўду, не ўратуецца.

Многія дагаджаюць заможным; і кожны - сябар чалавеку, які не шкадуе гасьцінцаў.

Беднага ненавідзяць усе браты ягоныя, тым болей прыяцелі ягоныя адпадаюць ад яго; гоніцца за словам парады, а іх і на гэта няма.

Хто набіраецца розуму, той любіць душу сваю; хто пільнуецца разумнасьці, знаходзіць дабро.

Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня; і хто гаворыць няпраўду, загіне.

Ня прыстоіць неразумнаму раскоша, тым болей рабу панаваньне над князямі.

Здаровы розум робіць чалавека павольным на гнеў, а слава ягоная - паблажлівым да неразважлівых учынкаў.

Гнеў цара - як рык ільва, а ласка ягоная - як раса на траву.

Неразумны сын - пагібель бацьку ягонаму, а сварлівая жонка - сьцёкавая рына.

Дом і маёмасьць - спадчына ад бацькоў, а разумная жонка - ад Госпада.

Гультайства наганяе дрымоту, і нядбайная душа будзе галадаць.

Захавальнік запаведзі захоўвае душу сваю, а хто ня дбае пра шяхі свае - загіне.

Міласэрны да беднага пазычае Госпаду; і Ён аддасьць яму за дабрачынства ягонае.

Карай сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і не абурайся крыкам ягоным.

Чалавек вялікага гневу нясе пакараньне; бо, калі пашкадуеш яго, давядзецца табе яшчэ больш караць яго.

Слухайся рады і прымай кару, каб зрабіцца табе пасьля мудрым.

Шмат задумаў у сэрцы ў чалавека, але збудзецца толькі задуманае Госпадам.

Радасьць чалавеку - дабрачыннасьць ягоная, і бедны чалавек лепшы, чым хлусьлівы.

Страх Гасподні вядзе да жыцьця, і хто мае яго, заўсёды будзе задаволены, і ліха не спасьцігне яго.

Гультай апускае руку сваю ў чару, і ня хоча данесьці яе да вуснаў сваіх.

Калі ты пакараеш блюзьнера, дык і просты зробіцца разумным; і калі засьцеражэш разумнага, дык ён зразумее настаўленьне.

Хто бацьку руйнуе і выганяе маці - сын бессаромны і ганебны.

Перастань, сыне мой, слухаць угаворы ўхіліцца ад голасу розуму.

Падступны сьведка зьдзекуецца з праўды, і вусны бязбожных глытаюць няпраўду.

На блюзьнераў гатовыя суды, і ўдары - на цела дурных.